Эмілія Плятэр
13 лістапада 1806 у Вільні нарадзілася Эмілія Плятэр, беларуска-польская рэвалюцыянэрка, герой паўстаньня 1830-1831 гг.
Нарадзілася ў арыстакратычнай сям’і нямецкага паходжаньня. Дзяцінства правяла ў маёнтку Ліксна непадалёк ад Краслаўкі, дзе яна атрымала добрую хатнюю адукацыю.
Жывучы на Віцебшчыне ў сваякоў, зьбірала і апрацоўвала беларускія народныя песьні. Віртуозна валодала жанрам галашэньняў, выконвала на фартэпіяна народныя мэлёдыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй, сама танцавала народныя танцы. Спрабавала пісаць беларускія вершы, у тым ліку стылізаваныя пад народныя галашэньні.
У часе вызвольнага паўстаньня 29 сакавіка 1831 разам са сваяком Ц. Плятэрам арганізавала ў мястэчку Дусяты партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 коньнікаў ды некалькіх соцень касінераў і павяла яго на Дзьвінск. Сярод паўстанцаў было нямала дзяўчат.
30 сакавіка паўстанцы разьбілі расейскі аддзел каля паштовай станцыі Даўгелі, 2 красавіка адбыўся бой з ахоўнай часткай генэрала Шырмана, потым — бой пад Уцянай і 4 красавіка захоп мястэчка Езяросы.
Па разгроме паўстаньня казакамі Эмілія Плятэр на чале невялікай групы далучылася да аддзела Караля Залускага. 17 траўня аддзел Э. Плятэр заняў Вількамір і ў чэрвені ўліўся ў рэгулярнае польскае войска Д. Хлапоўскага.
За сьмеласьць і рашучасьць у баявых дзеях камандаваньне паўстанцкімі сіламі прызначыла Э. Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла ёй званьне капітана. У ліку іншых паўстанцкіх груповак атрад браў удзел у бойках супраць царскіх войск (пад Радзівілішкамі, Вільняй, Шаўлямі і ў іншых месцах).
Пры адыходзе паўстанцаў у Прусію Э. Плятэр захварэла і памерла. Пахавана ў Капцёве каля Гародні (тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі).