Дэкрэт аб узнагароджаньні Ордэнам Пагоні, 1950 г.

Дакумэнт аб узнагароджаньні беларускіх вайскоўцаў Ордэнам Пагоні – найвышэйшай узнагародай Беларускай Народнай Рэспублікі. Маёр “Ноч” – знакаміты партызанскі камандэр Міхал Вітушка.

БЕЛАРУСКАЯ НАРОДНАЯ РЭСПУБЛІКА
РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ

КАНЦЫЛЯРЫЯ ПРЭЗЫДЭНТА

Гаспода, 7 чэрвеня 1950 г.

Д Э К Р Э Т

У імені Беларускага Народу, Мы, Прэзыдэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі гэтым пастанаўляем:

I.Узнагарадзіць за выказаны гэроізм у змаганьні з акупантам за Волю Бацькаўшчыны:

1. Маёра НОЧ — Галоўнага Камандзіра беларускіх партызанаў і Камандзіра Усходняе групы — “Ордэнам Пагоні” 1-ае клясы і вайсковаю рангаю гэнэрал-маёра.

2. Усіх Сяброў Галоўнага Штабу партызанаў — “Ордэнам Пагоні 2-ое клясы”.

3. Камандзіра Палескае групы партызанаў надлейт. САХУ — “Ордэнам Пагоні 2-ое клясы”.

4. Камандзіра Налібоцкае групы партызанаў маёра МАЛАНКУ — “Ордэнам Пагоні 2-ое клясы”.

5. Афіцэра сувязі Галоўнага Штабу Партызанаў маёра Дуба — “Ордэнам Пагоні 2-ое клясы”.

6. Камандзіраў спэцыяльных адзьдзелаў СВС і “Чорнага Ката” — “Ордэнамі Пагоні 2-ое клясы”.

II. Усе Камандзіры партызанаў узнагароджаныя “Ордэнамі Пагоні” паклікаюцца ў склад сяброў Рады БНР.

III. Гэнэрал Ноч прызначаецца віцэ-старшынёй Ураду БНР із спэцыяльным заданьнем кіраваць Вызвольным змаганьнем у Бацькаўшчыне.

IV. Віцэ-Старшыні Ураду БНР ген. НОЧ надаецца паўнамоцтва ўзнагароджываць за заслугі ў беларускім партызанскім руху “Ордэнамі Пагоні” усіх 3-х клясаў і павышаць у вайсковые рангі да ступені палкоўніка ўключна.

V. За выказаную вынаходлівасьць, энэргію і гэроізм пры выконываньні цяжкога заданьня Ураду БНР сп. Д. /М/ узнагароджываецца “Ордэнам Пагоні” 2-ое клясы.

Мікола Абрамчык

ПРЭЗЫДЭНТ РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ

You may also like...