АБ ПАГРОЗЕ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ – Заява падпісантаў Віленскага мэмарандуму

Нарада падпісантаў Віленскага мэмарандуму, 2019 год

У дзень XXX Сэсіі Рады БНР адбылася сумесная нарада падпісантаў Віленскага мэмарандуму 2012 г. – прадстаўнікоў галоўных беларускіх дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацый. Па выніках абмеркаваньня бягучай сытуацыі вакол магчымага падпісаньня афіцыйным Менскам і Крамлём дакумэнтаў аб далейшай інтэграцыі Беларусі і Расеі было вырашана прыняць заяву, тэкст якой падаем ніжэй.

АБ ПАГРОЗЕ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ

Сумесная заява падпісантаў Віленскага мэмарандуму (2012), прадстаўнікоў палітычных партыяў, рухаў, грамадзкіх арганізацыяў

Мы, падпісанты Віленскага мэмарандуму 2012 году, прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, рухаў, грамадзянскай супольнасьці Беларусі сумесна з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі:

— зьвяртаем увагу беларускага народу і міжнароднай супольнасьці на небясьпечны намер кіраўнікоў Расеі і Беларусі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі падпісаць 8 сьнежня сёлета дамовы, якія замацоўваюць залежнасьць Беларусі ад Расеі ды патэнцыйна пагражаюць самому далейшаму існаваньню Беларусі як незалежнай сувэрэннай дзяржавы;

— нагадваем, што беларускі народ стагодзьдзямі змагаўся за сваю незалежную дзяржаўнасьць, паклаўшы ў барацьбе спачатку з Расейскай, а затым з камуністычнай савецкай імпэрыяй незьлічоную колькасьць жыцьцяў, і гэтыя ахвяры не забытыя;

— падкрэсьліваем, што лёсавызначальныя для беларускага народу пагадненьні рыхтуюцца ў поўнай сакрэтнасьці, без якіх бы ні было кансультацыяў з прадстаўнікамі грамадзкасьці. Ніводзін праект дакумэнта не апублікаваны. Нават „дэпутаты парлямэнту“ ня здолелі атрымаць хаця б мінімальную інфармацыю ад ураду Беларусі;

— зазначаем, што ініцыятары інтэграцыі абгрунтоўваюць cвае дзеяньні вынікамі праведзенага ў Беларусі ў 1995 годзе рэфэрэндуму, адным з пытаньняў якога была эканамічная інтэграцыя з Расеяй. Але рэфэрэндум быў прызначаны насуперак Канстытуцыі і заканадаўству, у тым ліку шляхам зьбіцьця збройнымі падразьдзяленьнямі спэцслужбаў дэпутатаў апазыцыі непасрэдна ў залі парлямэнту, ён праходзіў з шматлікімі фальсыфікацыямі і не зьяўляецца сапраўдным волевыяўленьнем беларускага народу;

— заяўляем, што ад моманту абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам у 1994 годзе, у Беларусі не было свабодных і справядлівых выбараў, а ў лістападзе 1996 адбыўся канстытуцыйны пераварот і парлямэнт быў гвалтоўна распушчаны. У часе апошняй выбарчай кампаніі ў “палату прадстаўнікоў” значная частка непраўладных кандыдатаў не была дапушчаная да рэгістрацыі, нідзе назіральнікі не былі дапушчаныя да падліку галасоў, на шмат якіх участках зафіксаваныя іншыя парушэньні. У “парлямэнт” не прапушчаны ніводзін непраўладны кандыдат. Такім чынам, у Беларусі няма легітымнай заканадаўчай улады, а значыць, любыя дамовы, падпісаныя цяперашняй ўладай, апрыёры неканстытуцыйныя;

— нагадваем, што ў пачатку 1990-х гадоў Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, даверыўшыся гарантыям свайго сувэрэнітэту, сфармуляваным у так званым Будапэшцкім мэмарандуме, падпісаным ЗША, Вялікай Брытаніяй і Расеяй. Аднак абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі аж да пагрозы інкарпарацыі з боку Расеі, якая пад уладай Пуціна вядзе палітыку агрэсіўнай ваяўнічай імпэрыі, можа стварыць прынцыпова іншую і вельмі небясьпечную геапалітычную сытуацыю ў Эўропе: расейскае войска апынецца на 600 кілямэтраў бліжэй да эўрапейскіх сталіц.

Мы пацьвярджаем пазыцыю, заяўленую ў Віленскім мэмарандуме 2012 году: “Суб’ектам і першасным гарантам незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі і нацыянальна-культурнай пэрспэктывы беларусаў ёсьць сам беларускі народ, які павінен сьцьвярджаць сваю палітычную волю ва ўмовах свабоды“.

Мы падкрэсьліваем, што кансэрвацыя антыдэмакратычнай, не падсправаздачнай народу, пазбаўленай дэмакратычна-канстытуцыйнай легітымнасьці ўлады ў Беларусі толькі ўзмацняе пагрозу незалежнасьці краіны.

Мы заклікаем дэмакратычныя дзяржавы сьвету, у тым ліку тыя, што падпісвалі Будапэшцкі мэмарандум, а таксама Эўрапейскі Зьвяз асудзіць любыя спробы Расейскай Фэдэрацыі абмежаваць сувэрэнітэт Беларусі, выкарыстоўваючы адсутнасьць у Беларусі дэмакратычна выбранай улады, а таксама выступіць з ініцыятывай гарантыяў незалежнасьці Беларусі на міжнародна-праўнай аснове.

Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Скарыны

Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня

Юрась Беленькі, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьніянскай партыі БНФ

Вінцук Вячорка, падпісант Віленскага Мэмарандуму

Павал Севярынец, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі

Алена Талстая, сустаршыня Руху салідарнасьці “Разам”

Мікола Казлоў, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі

Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтру “Эўрапейскі дыялёг”, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканьняў

Ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР

1 сьнежня 2019

Пазьней далучыліся да заявы:

Юрась Губарэвіч, кіраўнік руху “За свабоду”

Вячаслаў Сіўчык, сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу

Уладзімер Мацкевіч, прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы “Сьвежы вецер”

Уладзімер Някляеў, былы кандыдат у прэзыдэнты

Анастасія Дарафеева, старшыня партыі “Зялёныя”

Заява адкрытая для падпісаньня.

You may also like...