ВІЗЫТ ПРЭЗЫДЭНТАЎ НЯМЕЧЧЫНЫ І АЎСТРЫІ БУДЗЕ ВЫКАРЫСТАНЫ ДЛЯ ЛЕГІТЫМАЦЫІ РЭЖЫМА А. ЛУКАШЭНКІ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае заклапочанасьць тым, што візыт у Беларусь Прэзыдэнта Фэдэральнай Рэспублікі Нямеччына Франка-Вальтэра Штайнмаера і Прэзыдэнта Аўстрыйскае Рэспублікі Аляксандра ван дэр Бэллена 29 чэрвеня 2018 будзе выкарыстаны для легітымацыі дыктатарскага рэжыма Аляксандра Лукашэнкі.
Рада БНР вітае ўшанаваньне памяці ахвяраў нацыстоўскіх акупантаў з боку афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусі, а таксама з боку кіраўнікоў Нямеччыны і Аўстрыі. Трасьцянец — гэта месца, дзе былі забітыя дзясяткі тысячаў жыхароў Беларусі, Нямеччыны, Аўстрыі, Чэхіі і іншых краінаў. Гэтае месца сымбалізуе трагедыю жыхароў Беларусі — этнічных беларусаў, габрэяў і прадстаўнікоў іншых народаў — у XX стагодзьдзі, якая неаддзельная ад трагедыі ўсяе Эўропы. Памяць пра ахвяры Галакосту і Другой Сусьветнай Вайны павінна быць грунтам для агульнаэўрапейскай салідарнасьці і супольнага агульнаэўрапейскага супраціву тыраніі, нецярпімасьці, агрэсіўнаму нацыяналізму і распальваньню войнаў як у Эўропе, так і ў іншых рэгіёнах сьвету.
Рада БНР выказвае спадзяваньне, што ў будучыні такога самага афіцыйнага ўшанаваньня з боку як беларускіх уладаў, так і прадстаўнікоў Расеі як правапераемніка СССР, дачакаюцца і ахвяры савецкага рэжыму ў Беларусі, у тым ліку пахаваныя на тэрыторыі ўрочышча Курапаты.
Разам з тым Рада БНР адзначае, што міжнародная легітымацыя рэжыма А. Лукашэнкі будзе мець выключна нэгатыўны эфэкт на стан правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. А. Лукашэнка прызнаваўся ў шанаваньні гітлераўскіх мэтадаў дзяржаўнага кіраваньня і пабудаваў у Беларусі сыстэму аўтарытарнай дзяржаўнай улады, якая супярэчыць эўрапейскім каштоўнасьцям.
Рада БНР заяўляе, што сустрэчы міжнародных лідараў з А. Лукашэнкам, які прынамсі з 1999 году незаконна займае пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, павінны быць скіраваныя на паляпшэньне сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі. Паляпшэньне гэтае сытуацыі павінна быць неабходнай умовай для разьвіцьця стасункаў паміж дэмакратычнымі краінамі і Рэспублікай Беларусь.