АБ’ЯДНАЦЦА ДЗЕЛЯ ВЫРАТАВАНЬНЯ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ: ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР
Сёньня, калі беларуская незалежнасьць пад пагрозай, мы мусім зьяднаць нашыя сэрцы і нашыя душы, аб’яднаць нашыя намаганьні дзеля адзінай мэты. Якія б палітычныя, партыйныя, сьветапоглядныя, рэлігійныя адрозьненьні мы ня мелі, калі мы любім нашую Бацькаўшчыну — у нас не павінна быць перашкодаў, каб аб’яднацца дзеля яе выратаваньня.
Дарагія суродзічы! Шаноўныя беларускі і беларусы!
Днямі пачула найбольш абразьлівыя словы ў дачыненьні да Беларусі за ўсе гады ад абвяшчэньня Незалежнасьці ў жніўні 1991 году: «Беларусь — васал Масквы».
Вось, куды давёў Аляксандар Лукашэнка нашую незалежную дзяржаву!
Страшна і сорамна!
Расейскія танкі імчаць па беларускай зямлі, каб атакаваць Украіну — і наш зноў зьнямелы народ — маўчыць! А сьвет думае, што ўзурпатар прадаў зямлю Беларусі расейскаму агрэсару са згоды беларускага народа.
Але мы ведаем, што гэта няпраўда. Беларускі народ сам знаходзіцца ў няволі тырана, які трымаецца выключна на патрымцы Пуціна.
Калі два гады таму беларускі народ паўстаў, каб выправіць памылку, зробленую ў 1994 годзе — на вуліцы Менску зьявілася бронетэхніка, вельмі падобная на тую, якая цяпер штурмуе ўкраінскія гарады. А Пуцін падтрымаў зьдзек Лукашэнкі супраць свайго народу.
Некаторыя кажуць, што надзеі на беларускую незалежнасьць страчаныя пад ботам расейскага акупанта.
Я з гэтым ня згодная. Беларусь ня страціць надзею, пакуль за яе б’ецца хаця б адно беларускае сэрца. А гэтых сэрцаў у Беларусі шмат. Іх значна болей, чым АМАПаўскіх дубінак у дыктатара, чым танкаў у ягонага маскоўскага гаспадара.
І сёньня, калі беларуская незалежнасьць пад пагрозай, мы мусім зьяднаць нашыя сэрцы і нашыя душы, аб’яднаць нашыя намаганьні дзеля адзінай мэты. Якія б палітычныя, партыйныя, сьветапоглядныя, рэлігійныя адрозьненьні мы ня мелі, калі мы любім нашую Бацькаўшчыну — у нас не павінна быць перашкодаў, каб аб’яднацца дзеля яе выратаваньня.
Гэта тычыцца і тых, хто жыве ў Беларусі пад прыгнётам тырана, і тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму і папоўніў шэрагі беларускай дыяспары.
І я, як старшыня Рады БНР, якая дзесяцігодзьдзямі аб’ядноўвала дыяспару барацьбе за вольную дэмакратычную Беларусь, зьвяртаюся да ўсіх беларусаў: давайце разам дасягнем сьветлай будучыні для нашай Бацькаўшчыны!
Цяпер, калі ўкраінскі народ пралівае кроў за права жыць вольна і незалежна, права мець дэмакратычную прававую дзяржаву, мы цалкам падтрымліваем яго ў гэтым намаганьні. Хай нас вядзе наперад нашая змагарная «Пагоня», і хай лунае над намі наш сьвяты Бел-чырвона-белы сьцяг!
Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі