Адкрыты ліст да беларускага народу заміж Вялікоднага віншаваньня /26.04.2011/

Дарагія Суродзічы!

Вялікодныя сьвяты ў гэтым годзе супадаюць з адзначэньнем гадавіны вялікай бяды, якую давялося перажыць беларускаму народу ў канцы 20 стагоддзя. 26 красавіка спаўняецца 25 гадоў ад Чарнобыльскага злачынства. Таму ня ў сілах я жадаць Вам вясёлых сьвятаў, дарагія суродзічы! Хачу толькі сказаць сёньня, што Беларусы і людзі добрай волі ва ўсім сьвеце, якія ведаюць, што беларускі народ яшчэ ўсё жыве ў цяні Чарнобылю, будуць з Вамі ў гэтыя дні.

На жаль, сёньняшнія ўлады Рэспублікі Беларусь не толькі не апякуюцца сваім народам, пацярпелым ад страшных радыёнуклідаў, але і хочуць будаваць на беларускай зямлі новую ядзерную электрастанцыю, не праймаючыся ані Вашым здароў’ем, ані доляю Вашых дзетак. Яны забараняюць Вам нават прайсьці Чарнобыльскі Шлях у памяць тых людзей – часта Вашых родных, якія ўжо загінулі ад чарнобыльскай радыяцыі.

Над Вамі ізноў вісіць чорная хмара страху. Яшчэ пару месяцаў таму, пад час падзеяў 19 сьнежня мінулага голу, Вас білі, калечылі, зьнявольвалі, страшылі, каб лягчэй было распраўляцца з найбольш мужнымі між Вамі, з тымі, хто спадзяваліся дамагчыся для Вас нармальнага вольнага жыцьця. Цяпер, пры вельмі неясных абставінах, выбух у Менскім метро 11 красавіка.

На Беларускай зямлі аднаўляецца сталінскі тэрор.

Адна з нашых маладых гераіняў, мужнасьць якой была прызнаная ў далёкай Амэрыцы, гаварыла нядаўна пра нянавісьць, якая праяўляецца ў Беларусі супроць новага пакаленьня змагароў, супроць нашай актыўнай моладзі. Дадам, што паводле зьвестак, якія даходзяць да нас з Беларусі, мы бачым, што гэтая нянавісьць праяўляецца ў адносінах да ўсяго беларускага, супроць кожнага слова, сказанага ў абарону нашага народу, нашай зямлі, нашай спадчыны. Пад забаронаю нават кліч “Жыве Беларусь!”.

Праводзіцца бязьлітасны генацыд нашай нацыі. Рэжым не шкадуе нашай зямлі, яму абыякавы наш лёс, абыякавая будучыня нашых дзяцей, абы захаваць сваю бязьмежную уладу.

Нелегітымны “уладар” прызнаўся, што ён гатовы змагацца сілаю за ўладу, выкарыстоўваючы беларускае войска супраць беларускага народу, супроць Вас, дарагія суродізічы.

Якое права мае чалавек, якога вы выбралі на пяць гадоў 17 гадоў таму, распараджацца сёньня Вашым лёсам, Вашай зямлёю, Вашай будучыняю?

Якое права мае ён судзіць беларускіх дзеячоў, якія правініліся толькі сваёй ахвярнасьцю і сваёй заклапочанасьцю доляю беларускага народу?

Якое права ён мае страшыць вас, перасьледаваць сумленных людзей, як злачынцаў?

Якое права ён мае зьнявольвац Вас, кідаць у турмы Вашых дзяцей, марнаваць іхнае і вашае жыцьцё?

Хто яму даў гэтае права?

Хачу паўтарыць тут словы Папы Паўла II да свайго польскага народу ў цяжкія часы ягонай гісторыі: ”Ня бойцеся!”

Вы мацнейшыя! Паслухайце тых, хто ў турме меў час перадумаць падзеі апошніх 17 гадоў дыктатуры. Яны вераць ў Вас. Паверце ім! Бо толькі ў адзінстве народ зможа вызваліцца з няволі.

Прыйшоў час, калі нам трэба ачуняць, дарагія браты і сёстры – Беларусы, каб не загінуць!

Жыве Беларусь!

 

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

You may also like...