Аляксандар Уласаў
28 жніўня 1874 г. у Вялейцы нарадзіўся Аляксандар Уласаў, радны БНР, сэнатар у міжваеннай Польшчы, заснавальнік і шматгадовы рэдактар газэты “Наша Ніва”, адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады і Таварыства Беларускае Школы.
Вучыўся ў духоўнай сэмінарыі ў Пінску, у Мікалаеўскай гімназіі ў Лібаве (цяпер Ліепая, Латвія), пазьней — у Рыскім тэхнічным унівэрсытэце.
У сьнежні 1904 году А. Уласаў заснаваў Беларускую сацыялістычную грамаду, першую беларускую палітычную партыю. Быў сябрам ейнага Цэнтральнага камітэту.
Падчас Рэвалюцыі 1905 г. Уласаў арганізоўваў страйкі рабочых у розных беларускіх гарадах, удзельнічаў у нелегальным зьезьдзе настаўнікаў. У 1908 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў выдавецтва “Наша Хата”.
Зь сьнежня 1906 году і да траўня 1914 году А. Уласаў зьяўляўся галоўным рэдактарам газэты “Наша Ніва”, якая адыграла выключна важную ролю для беларускага грамадзтва. За гэты час Уласаў прыцягнуў да супрацоўніцтва з газэтай таленавітых беларускіх літаратараў, сярод якіх быў і Янка Купала, які пазьней стаў новым рэдактарам газэты.
За сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць і публікацыі ў 1909 годзе А. Уласаў быў асуджаны расейскімі ўладамі да 4 месяцаў зьняволеньня.
У сьнежні 1917 г. Уласаў браў удзел у Першым Усебеларускім Кангрэсе.
У 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, праз год аднавіў дзейнасьць Беларускага навуковага таварыства ў Вільні “Наша хатка”. Выдаваў таксама часопісы “Лучынка” для дзяцей і “Саха” для сялянаў.
На момант заключэньня польска-бальшавіцкай Рыскай дамовы 1920 году знаходзіўся ў Радашкавічах, якія апынуліся ў выніку дамовы на тэрыторыі міжваеннай Польскай Рэспублікі. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі акупацыйнымі ўладамі за беларускую культурніцкую і палітычную дзейнасьць. Пазьней у Радашкавічах Уласаў стварыў беларускую гімназію імя Францішка Скарыны. У 1921 годзе выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай школы – важнай беларускай грамадзкай арганізацыі, што апеквалася беларускай адукацыяй у Заходняй Беларусі.
У 1922—1927 гадах Уласаў меў мандат сэнатара першага тэрміну зь сьпісу Блёку нацыянальных меншасьцяў у польскім Сэнаце. Прымаў удзел у рабоце Беларускай сялянска-работніцкай грамады, у 1927 г. выступаў у абарону яе кіраўнікоў на судовым “Працэсе 56-і”.
Пасьля акупацыі Заходняй Беларусі савецкімі войскамі ў кастрычніку 1939 году Уласаў быў арыштаваны НКВД і перавезены ў Менск. У лістападзе 1940 году ён асуджаны на 5 гадоў канцлягераў за “шпіёнска-правакатарскую дзейнасьць”. У сакавіку 1941 г. ён памёр у зьняволеньні ў Расеі, на тэрыторыі цяперашняй Кемераўскай вобласьці.