Вацлаў Ластоўскі
8 лістапада 1883 г. у Дзісьненскім павеце нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі, прам’ер-міністар Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускі публіцыст і палітык.
Нарадзіўся ў сям’і безьзямельнага шляхціца. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. У 1896 годзе зьехаў у Вільню, потым жыў у Пэтэрбургу і Рызе.
Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадзкага і культурнага руху. У 1906—1908 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 годзе быў арыштаваны за сацыялістычную прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.
Ад 1909 — сакратар рэдакцыі «Нашай Нівы» і загадчык першай беларускай кнігарні (па адрасе ў Вільні Завальная, 7), у 1916—1917 — рэдактар газэты «Гоман», у 1918 выдаваў газэту «Krywičanin». У канцы 1918 году ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Бэрліне. З 1919 — у партыі беларускіх эсэраў, са сьнежня 1919 да красавіка 1923 узначальваў Раду міністраў БНР (быў прэм’ерам).
Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. Быў зьняволены польскімі ўладамі, у 1920 яму дазволена выехаць ў Летуву. У красавіку 1923 году выйшаў з ураду БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч» (1923—1927).
У красавіку 1926 пераехаў у БССР. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі — акадэмік і сакратар Інбелкульта і Акадэміі навук БССР.
У 1930 годзе, падчас экспэдыцыі ў Сыбір, Ластоўскага арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», пазбавілі званьня акадэміка і саслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзелу рэдкай кнігі ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы.
Паўторна арыштаваны ў 1937, прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. 23 студзеня 1938 году яго расстралялі. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988, па другім — у 1958.
Гісторыя пад знакам Пагоні. Вацлаў Ластоўскі
https://www.youtube.com/watch?v=Gs-FN3RfwZY