Выбары ў Палату Прадстаўнікоў не былі сумленнымі і свабоднымі – Заява Рады БНР

Заява
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
з нагоды выбараў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі 11 верасьня 2016 г.

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі,

 Зважаючы на шматлікія парушэньні дэмакратычных стандартаў, такія, як:

– Факты зьняцьця з выбараў і ціску на кандыдатаў ад апазыцыі,

– Адсутнасьць умоваў для вядзеньня кандыдатамі ад апазыцыі паўнавартаснае перадвыбарчае кампаніі,

– Фактычную непрадстаўленасьць апазыцыі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў,

– Татальную непразрыстасьць працэдуры падліку галасоў, асабліва пададзеных у рамках датэрміновага галасаваньня,

– Факты ціску на выбарцаў, у тым ліку прымушэньне да датэрміновага галасаваньня,

– Факты ціску на назіральнікаў за галасаваньнем, у тым ліку неабгрунтаванага выдаленьня назіральнікаў з участкаў,

– Факты фальсыфікацыі працэдуры галасаваньня і іншыя,

Улічваючы невыкананьне афіцыйнымі ўладамі Рэспублікі Беларусь рэкамэндацый АБСЭ што да ўдасканаленьня выбарчага працэсу ў Беларусі,

 1. Канстатуе, што выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не зьяўляліся сумленнымі і свабоднымі, а сфармаваная па іх выніках структура ня можа разглядацца як законна і дэмакратычна абраны парлямэнт Беларусі

 2. Зьвяртае ўвагу на тое, што выбары былі праведзеныя з істотнымі парушэньнямі дзеючага законадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку Канстытуцыі, за якія прадугледжаная крымінальная адказнасьць; а таксама з парушэньнем міжнародных пагадненьняў, падпісаных Рэспублікай Беларусь

 3. Заклікае міжнародную супольнасьць, у тым ліку Эўрапейскі Зьвяз і Раду Эўропы, абмежаваць узаемадзеяньне з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь тэхнічнымі пытаньнямі, выключыўшы магчымасьць фармальнага або фактычнага афіцыйнага прызнаньня гэтае арганізацыі ў якасьці парлямэнту Рэспублікі Беларусь

 4. Заклікае міжнародную супольнасьць аказаць ціск на афіцыйныя ўлады Беларусі з мэтаю дэмакратызацыі палітычнае сыстэмы Беларусі і гарантаваньня абароны зацьверджаных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь правоў чалавека

 5. Заклікае афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь да вызваленьня палітычных вязьняў, у тым ліку Эдуарда Пальчыса, Міхаіла Жамчужнага, Уладзіміра Кондруся, прывядзеньня палітычнае сыстэмы Беларусі ў адпаведнасьць зь міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі і да правядзеньня дэмакратычных і празрыстых выбараў у органы ўлады ўсіх узроўняў.

13 верасьня 2016 г.

You may also like...