Выступ Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы на 34-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі
Дарагія мае сябры, беларусы Паўночнай Амэрыкі!
Вітаю вас ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з гэтай чарговай сустрэчай беларусаў Паўночнай Амэрыкі!
Ад 1952 году беларусы ЗША і Канады што два гады зьбіраюцца, каб разам выказаць сваю любоў да паняволенай Бацькаўшчыны ды паўтарыць яшчэ раз сваю вернасьць ідэалам 25 сакавіка. Кожны раз абавязкава выказвалі надзею, што вернемся ў Беларусь, бо-ж як і кожная імпэрыя, разваліцца і савецкая турма народаў, якая дзяржыць наш народ у няволі.
У пачатку 90-х гадоў з радасьцяй адзначалі адраджэньне незалежнай беларускай дзяржавы.
Пасьля стагодзьдзя змаганьня за волю мы кінуліся памагаць нашаму народу на Бацькаўшчыне стаць на ногі пасьля доўгіх гадоў няволі. Будучыня беларускага жыцьця ў замежжы сталася няістотнай як для старой хвалі эміграцыі, якой яшчэ ўсё сьніліся сны аб вяртаньні на Бацькаўшчыну, так і для новай, якая яшчэ ня ведала, што хутка і ёй прыйдзецца пераймаць абавязкі старэйшых.
З прыходам Лукашэнкі да ўлады пачалася новая хваля беларускай палітычнай эміграцыі. Найбольш актыўныя яе прадстаўнікі згуртаваліся вакол Рады БНР, імкнуліся пераняць традыцыю змаганьня, якое вялі ў дыяспары дзесяцігодзьдзямі іх папярэднікі.
Але былі і такія, хто, далучаючыся да беларускага жыцьця ў замежжы, пачалі рабіць гэта на савецкі лад, выключаючы з дасюлешняга здаровага грамадзкага жыцьця нават найменшыя намёкі на палітычную дзейнасьць у рамках нацыянальна-вызвольнага руху. Бо-ж, маўляў, палітыкай людзі, якія шануюць сябе, не займаюцца!
Безумоўна, новая хваля эміграцыі яшчэ не адчувала тады патрэбы тварыць нешта канкрэтнае з мэтай, каб заняць належнае месца ў шматкультурным грамадзтве ЗША і Канады, тым болей што яшчэ існавалі здабыткі старэйшых. Пакрысе нашая дыяспара апынулася адной з найменш заможных у Пауночнай Амэрыцы.
Тады, калі ўкраінцы, чэхі, палякі і іншыя нашыя суседзі бераглі здабытае і будавалі новыя музэі і ўстановы для захаваньня спадчыны, пакінутай ім папярэднімі хвалямі эміграцыі, мы не здабыліся на ніводзін доўгатрывалы дасьледчыцкі цэнтар беларусазнаўства, на ніводзін будынак для архіву, на ніводную салідную бібліятэку для захаваньня спадчыны, якую пакідаюць пасьля сябе адыходзячыя патрыёты. Стараньні адзінак стварыць нешта трывалае засталіся без падтрымкі грамадзтва. Пакаленьне, якое пераняло здабытую маёмасьць, дасюль не уцяміла, што яе абавязкам ёсьць ня толькі яе захаваць для будучых пакаленьняў, але і разьвіваць яе.
Kaлі б Беларусь была вольнай краінай, яна мела б, з пэўнай дапамогай беларусаў замежжа, свае культурныя прадстаўніцтвы на чужыне, падобныя да нямецкага Інстытуту Гётэ ці францускага Alliance Francaise. Нашая дзяржава дагледзела б, каб мы не прапалі з паверхні зямлі.
На жаль, у нас скралі нашую краіну, і бяз нашых высілкаў не застанецца пасьля нас і сьледу.
Каб пакінуць наступным пакаленьням нейкую спадчыну, каб яны не забыліся пра зямлю сваіх продкаў, нам трэба безадкладна брацца за працу. І гэта ёсьць мэтай майго сёньняшняга звароту да вас, мае дарагія сябры-беларусы, якія апынуліся на Паўночна-амэрыканскім кантынэнце.
Каб ня зьнікнуць у гэтыя асабліва цяжкія часы, якія перажывае сёньня беларускі народ, калі існаваньне ўсяго беларускага ёсьць пад пагрозай, патрэбныя ахвярныя людзі, якія не пашкадуюць прысьвяціць хоць адзін дзень у тыдзень свайго жыцьця, каб далучыцца да беларускае талакі.
Адначасна, сьпешна патрэбныя сродкі, каб захаваць беларускую прысутнасьць у Паўночнай Амэрыцы.
Некалькі гадоў пасьля Чарнобыльскай бяды 42 аддзелы нашага Канадыйскага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі – а кожны зь іх налічваў ня болей дзесятка звычайных канадыйскіх сем’яў – зьбіралі мільён даляраў у год, каб прывесьці ў Канаду на адпачынак шэсьцьсот дзетак з пацярпеўшых раёнаў Беларусі. Дарагія сябры, тыя з вас, хто думае, што тады гэта было магчыма, а цяпер і уявіць гэтага ня можна – памыляецца! Нічога не зьмянілася. Толькі нашыя канадыйскія сябры ня ведалі, што нешта можа быць віламі па вадзе пісана! Кожная сям’я прысьвячала паўгоду свайго жыцьця, каб прывесьці ў Канаду на паўтара месяцы адпачынку беларускае дзіця.
Мы і цяпер можам такое асягнуць. Няўжо мы ўважаем, што беларушчына ня вартая такога высілку?
І вось я зьвяртаюся да вас сёньня, дарагія сябры, з вялікай просьбай. Далучайцеся да талакі з мэтай стварыць Беларускую Амэрыку і Беларускую Канаду, якія застануцца назаўсёды доказам, што мы сюды даехалі, што мы тут жылі і што адчуваем сябе дома ў Амэрыцы, так як адчуваюць сябе дома тут “our fellow Аmericans” i “our fellow Canadians”, з тымі самымі правамі і з тым самым голасам.
З пазыцыі сілы і самаўпэўненасьці мы зможам хутчэй памагчы і Беларусі вызваліцца з кіпцюроў драпежнага арла, які разьлічае на нашую бездапаможнасьць, каб зноў намагацца паняволіць нас у сваёй імпэрыі. І адначасна захаваем так важную нашую прысутнасьць на гэтым кантынэнце. Бо толькі так мы не загінем!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Саўт-Рывэр, 3 верасьня 2022 г.