Віншавальнае пасланьне з нагоды Дня Герояў (2003)
Дарагія Суродзічы,
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі маю гонар вітаць Вас з нашым слаўным Днём Герояў, Днём калі Беларусы ўва ўсім сьвеце адзначаюць Слуцкі Збройны Чын.
Случчакі разумелі, якой каштоўнасьцяй ёсьць для кожнага народу воля і незалежнасьць, і вырашылі ісьці ратаваць беларускую незалежную дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку – хаця і добра ведалі, якім будзе асабісты кошт гэтага змаганьня. Пра гэта сьведчаць словы на сьцягу змагароў: Пайшлі ўміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
Нядаўна – 11-га лістапада – глядзела, як Канада ушаноўвала памяць сваіх герояў. Бяз танкаў і пераможных лозунгаў, а з любоўю, павагай і ўдзячнасьцю. Хочу прасіць усіх Вас – уключна з сёньняшнімі Случчакамі, унукамі і ўнучкамі Слуцкіх герояў – каб належна ўшанавалі памяць сваіх дзядоў. Бо толькі калі мы ўсе зразумеем тое, што ведалі Случчакі, толькі калі наш край станецца назаўсёды незалежным, зажыве беларускі народ вольна, заможна і шчасьліва. Перад намі такая самая адказнасьць за будучыню нашай Бацькаўшчыны.
Не дарма амаль стагодзьдзе асьвячае нашую барацьбу за незалежнасьць ваяцкі марш, які ужо сьпявалі Слуцкія змагарьі:
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны, родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Лістапад, 2003 г