ВІНШАВАНЬНЕ З УГОДКАМІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ АД СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ

Слуцкі збройны чын

Дарагія Суродзічы Беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую вас з угодкамі адной з найбольш гераічных падзей у нашай гісторыі – Слуцкім Збройным Чынам!

Так доўга як памятаю, Беларусы ў вольным сьвеце адзначалі ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну, як сваё вялікае Сьвята Памяці, памяці тых дзесяці тысяч Случчакоў, якія дабраахвотна пайшлі бараніць сваю праўду і сваю зямлю перад бальшавіцкай навалай. Гэта было першае войска Беларускай Народнай Рэспублікі.

Нягледзячы на адсутнасьць адэкватнай зброі, Случчакі на працягу цэлага месяца – ад 27-га лістапада да 29-га сьнежня 1920 году – баранілі свой край.

На жаль, ня ўсе змаганьні канчаюцца перамогай. У гэтым выпадку, здрада так званых «саюзьнікаў» была асабліва балючай. Але паўтару тут словы прафэсара Анатоля Грыцкевіча: «Гэта быў патрыятычны чын беларускага сялянства і інтэлігенцыі ў барацьбе за незалежнасьць з легальнай, дэмакратычнай уладай».

Прашу ўсіх вас, дарагія суродзічы, аддаць даніну павагі нашым слуцкім героям!

Яны заслужылі на нашую памяць і на нашую ўдзячнасьць.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Лістапад 2016

You may also like...