ДА 100-ГОДЗЬДЗЯ ВАСІЛЯ БЫКАВА

Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

19 чэрвеня 2024 г. спаўняецца 100 гадоў з дня народзінаў Васіля Быкава, выбітнага беларускага пісьменьніка, дзеяча нацыянальнага Адраджэньня.

Проза Васіля Быкава ўзьняла беларускую літаратуру на ўзровень найлепшых твораў эўрапейскага пісьменства і для ўсяго сьвету пацьвердзіла багацьце беларускай мовы.

Але для беларусаў значнасьць асобы Васіля Быкава не абмяжоўваецца літаратурай. У вызначальны час ён выступіў у абарону права нацыі выбіраць уласны лёс, быў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту і яго духоўным лідэрам. Быкаў самым непасрэдным чынам спрычыніўся да аднаўленьня Незалежнасьці і будаўніцтва падмуркаў сучаснай беларускай дзяржаўнасьці.

Ён адным зь першых папярэдзіў пра небясьпеку імпэрскага рэваншу і рашуча выступіў супраць зьневажаньня чалавечых правоў, зьдзеку з нацыянальных каштоўнасьцяў, здрадніцкіх дамоўленасьцяў з Масквой. Апошнія свае гады Быкаў вымушаны быў правесьці на чужыне, але душа яго балела за Бацькаўшчыну.

У сакавіку 2000 Васіль Быкаў быў сярод тых, хто пацьвердзіў статус Рады БНР як легітымнага прадстаўніка сувэрэнных правоў беларускага народу, замацаваных Актам 25 Сакавіка 1918 году. Апошняя ягоная публічная прамова прагучала ў Дзень Волі.

Рада БНР абвясьціла 2024-ты годам Васіля Быкава, і дзякуе ўсім, хто прыгадвае і ўслаўляе нашага выбітнага суродзіча ў розных краінах і ў дыяспаральных асяродках. Прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі не дае магчымасьці адзначыць юбілей гэтак, як таго заслугоўвае постаць Быкава. Рада БНР уважае, што ў вольнай Беларусі імя Быкава будзе належным чынам ушанаванае, а творы ягоныя назаўсёды застануцца сярод найвялікшых культурных здабыткаў нацыі.