ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ – 2013

Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітаю Вас з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну – Днём Герояў Беларусі.

Кожны год, мы сьвяткуем гэты восенскі дзень, каб прыпомніць і аддаць чэсьць тым адважным Случчаком, якія ўзялі на сябе заданьне абараніць сваю зямлю ад бальшавіцкай навалы.

Дарагія Суродзічы! Случчакі жывуць таму, што мы іх памятаем. А таму, што мы іх памятаем, і мы жывём! І ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Усе мы ведаем пра ролю памяці ў жыцьці кожнага народу.
У канадзкай правінцыі Кўэбэк, дзе я жыву, народным дэвізам ёсьць JE ME SOUVIENS! (Я ПАМЯТАЮ). Нашую памяць акупанты стараліся выкараніць на працягу двух стагодздзяў, бо ведалі, што без памяці народ памрэ. Аднак нашая нацыянальная сьведамасьць, па якой і свае і чужыя няраз адпраўлялі паніхіды, перамагла ўсе спробы генацыду. Памяцьцю мы даказалі нашую жыцьцяздольнасьць.

Апошняя надзея нашых ворагаў – выкараніць з памяці народу беларускую мову. Ня ведаю як Вам, але мне падаецца, што і тут яны прайграюць! Я моцна веру, што і тут пераможа нашая генэтычная памяць, бо наш цярплівы народ не адмовіцца ад жыцьця. Выратуем мы і нашую цудоўную мову.

Жывуць Случчакі! Жыве Беларусь! Будзе жыць беларуская мова! Бо мы памятаем!

 

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

You may also like...