Закрыцьцё тэлеканалу “Белсат” згуляла б на карысьць дыктатарскаму рэжыму А. Лукашэнкі – заява Рады БНР

Рада БНР выступіла з заявай наконт сытуацыі вакол тэлеканалу “Белсат”:

***

Заява Рады Беларускае Народнае Рэспублікі аб сытуацыі вакол тэлеканалу “Белсат”

 

Рада БНР сур’ёзна занепакоеная паведамленьнямі аб пагрозе існаваньню тэлеканалу “Белсат”.

За гады сваёй працы “Белсат” стаў адным з найбольш уплывовых беларускіх СМІ, вельмі яскравай і вельмі важнай зьявай у беларускай мэдыйнай прасторы. Гэта ўнікальная пляцоўка для выказваньня незалежнай ад уладаў думкі.

“Белсат” – адзіны ў сьвеце тэлеканал, які вяшчае на беларускай мове. Калектыў “Белсата” стварыў выдатныя перадачы й дакумэнтальныя фільмы. Ва ўмовах панаваньня ў Беларусі дыктатарскага рэжыму, які займаецца дыскрымінацыяй беларускай мовы й беларускай культуры, працягвае савецкую шавіністычную палітыку русіфікацыі і зьнішчэньня беларускасьці, “Белсат” грае вялізную ролю ў якасьці ня толькі СМІ, але й як культурніцкая зьява.

Стварэньне й падтрымка Белсата – гэта неацэнны ўнёсак Польшчы ў падмурак беларуска-польскага сяброўства. Дзякуючы “Белсату” Польшча замацавала падтрымку сярод найбольш прагрэсіўнай часткі беларускага грамадзтва. Беларусы заўжды будуць удзячныя Польшчы за “Белсат”.

Закрыцьцё тэлеканалу альбо ягонае перафарматаваньне было б сур’ёзным ударам па свабодзе слова ў Беларусі і згуляла б на карысьць дыктатарскаму рэжыму А. Лукашэнкі ў Беларусі і ягоным традыцыйным спонсарам – агрэсіўным расейскім нацыяналістычным элітам. Гэта было б ударам па інтарэсах дэмакратыі і бясьпекі ў нашым рэгіёне.

Рада БНР зьвяртаецца да ўладаў Польшчы і да Эўрапейскага Зьвязу з просьбай падтрымаць далейшае існаваньне тэлеканалу “Белсат” як незалежнага беларускага беларускамоўнага тэлеканалу.

 

19 сьнежня 2016 г.

You may also like...