Заява Прэзыдыюму Рады да падзеяў вакол Саюзу Палякаў на Беларусі а Беларуска-Польскіх дачыненьняў
Заява Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
10 жніўня 2005 году
У выніку разгляду палітычных і адміністрацыйных захадаў, ужытых рэжымам, што пануе ў Беларусі, у дачыненьні да Саюзу Палякаў на Беларусі, а таксама абставінаў бягучага крызісу ў дыпляматычных дачыненьнях паміж згаданым рэжымам і Рэспублікай Польшча, Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
- зазначае, што бягучы канфлікт стаўся непасрэдным вынікам пасьлядоўнай палітыкі рэжыму, што трактуе любую грамадзкую дзейнасьць, якая адбываецца па-за яго кантролем, як праяву палітычнай аппазыцыі ды гэтак як аб’ект для падаўленьня;
- нагадвае, што рэжым, ня маючы павагі да нацыянальных інтарэсаў беларусаў, напрацягу больш як дзесяцігодзьдзя ўжывае розныя формы ўціску супраць усіх грамадзкіх ды няўрадавых арганізацыяў, дзейнасьць якіх як-колечы спрычынялася да ўмацаваньня беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці, асабліва ў галіне беларускай нацыянальнай культуры, разьвіцьця нацыянальнай гістарычнай і палітычнай сьвядомасьці ў грамадзтве Беларусі;
- прызнае, што ад нядаўняга часу палітыка падаўленьня незалежных няўрадавых арганізацыяў сталася пашырана на нацыянальныя меншасьці, а менавіта Саюз Палякаў на Беларусі. Усё больш роспачна трымаючыся за ўладу ў Беларусі ды будучы непрыязным да ўсяго цывілізаванага свету, рэжым А. Лукашэнкі паказвае мала павагі да міжнароднай грамадзкай думкі, праводзячы палітыку захопа кантролю або зьнішчэньня ў краіне любых грамадзкіх арганізацыяў, якія яшчэ захоўваюць ад яго незалежнасьць;
- заўважае, што спробы рэжыму гвалтоўна накінуць свой кантроль Саюзу Палякаў спалучаюцца з правядзеньнем у Беларусі кампаніі непраўдзівай прапаганды, якая безпадстаўна сьцявярджае аб непрыязных дзеяньнях з боку Польшчы ды як нібыта замяшанасьць ў гэткую дзейнасьць грамадзкага згуртаваньня польскай нацыягальнай меншасьці.
З увагі на вышэйзгаданае, Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі лічыць, што недэмакратычны рэжым у Беларусі праводзіць цяпер наўмысную кампанію супраць інтарэсаў пэўнай нацыянальнай меншасьці ды суседняй краіны, што мае на мэце асабліва:
- стварыць вобраз зьнешняга ды ўнутранага ворага дзеля апраўданьня сваёй рэпрэсыўнай унутранай ды аднабаковай вонкавай палітыкі;
- укараніць у грамадзтве Беларусі ўяўленьне аб любым непаслушэнстве або нелаяльнасьці рэжыму як аб дзейнасьці накарысьць непрыязных замежных сілаў;
- справакаваць крызіс у дыпляматычных дачыненьнях паміж дзьвюмя краінамі, дзеля грунтоўнага парушэньня сувязяў і дачыненьняў, што існуюць паміж дзьвюма народамі ва ўсіх галінах, разглядаючы іх як немэтазгодныя для захаваньня свайго кантроля ў Беларусі.
Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
- асуджае падаўленьне рэжымам, які пануе ў Беларусі, усіх незалежных няўрадавых арганізацыяў, бягучую кампанію супраць Саюзу Палякаў у Беларусі і правакацыю дыпляматычнага крызісу з Польшчай;
- заяўляе аб сваёй адданасьці разьвіцьцю стратэгічных дабрасуседзскіх дачыненьнях паміж Беларусяй і Польшчай, і прызнае важнасьць гэтых дачыненьняў для нацыянальных мэтаў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі;
- выражае сваю згоду і салідарнасьць з Заяваю Старшынёўства ад імя Эўразьвяза, ад 2 жніўня 2005 г.;
- зазначае, што ад часу свайго ўтварэньня ў 1918 г., Рада і ўсе ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі на Бацькаўшчыне і ў выгнаньні заставаліся пасьлядоўна адданымі прадстаўленьню ды абароне інтарэсаў нацыянальных меншасьцяў у Беларусі;
- разглядае датычныя міжнародныя пагадненьні і эўрапэйскія стандарты ў галіне абароны правоў нацыянальных меншасьцяў, таксама як і правоў чалавека ды палітычных правоў увогуле, у якасьці безумоўна абавязковых;
- прызнае, што з увагі на гэтыя стандарты ды міжнародныя пагадненьні, міжнародная супольнасьць мае права, і абавязак, ужываць захады, адпаведныя ў міжнародных дачыненьнях, дзеля выкананьня гэтых нормаў рэжымам, што пануе ў Беларусі;
- заяўляе, што любыя дзеяньні ў парушэньне зазначаных нормаў пазбаўлены легітымнасьці, а ўсе наступствы, якія могуць паўстаць у выніку гэткіх палітычных дзеяньняў, ня мецьмуць праўнае моцы.