Заява Рады Беларускае Народнае Рэспублікі з нагоды 20-годзьдзя Будапэшцкага мэмарандуму

РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ
ЗАЯВА

Дакладна дваццаць гадоў таму, 5 сьнежня 1994 г., у Будапэшце быў падпісаны “Мэмарандум пра гарантыі бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Беларусі да Дамовы пра нераспаўсюд ядравае зброі”. Паводле гэтага дакумэнту Рэспубліка Беларусь узяла на сябе абавязак вывесьці з сваёй тэрыторыі ядравую зброю, якая была разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі кіраўніцтвам СССР.

Узамен гэтага Расея, Вялікая Брытанія і ЗША бралі на сябе, сярод іншага, наступныя абавязкі:

  • Паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існуючыя межы Рэспублікі Беларусь,
  • Устрымлівацца ад пагрозы сілы або яе ўжываньня супраць тэрытарыяльнае цэласьці Рэспублікі Беларусь
  • Устрымлівацца ад эканамічнага прымусу, скіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыцьцяўленьне Рэспублікай Беларусь правоў, якія належаць яе сувэрэнітэту,
  • Дабівацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН дзеля дапамогі Рэспубліцы Беларусь ў выпадку, калі Рэспубліка Беларусь станецца ахвяраю акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі.

Аналягічны мэмарандум быў падпісаны з Украінаю і Казахстанам.

Рэспубліка Беларусь, Украіна і Рэспубліка Казахстан цалкам выканалі свае абавязкі згодна з Мэмарандумам.

Аднак падзеі 2014 года – перадусім, незаконная збройная анэксія Крыма і распальваньне вайны ў Данэцкай і Луганскай абласьцях Украіны – явілі сабою сытуацыю, у якой Расейская Фэдэрацыя бясспрэчна парушыла ўсе пункты Будапэшцкага мэмарандуму з Украінаю, акрамя тых, якія тычацца выкарыстаньня супраць Украіны ядравае зброі.

Гэта важны нэгатыўны прэцэдэнт для Беларусі, якая дэ-факта даўно зьяўляецца аб’ектам эканамічнае агрэсіі з боку Расеі і чые сілавыя структуры ў значнай ступені кантралююцца Расеяю. Сувэрэнітэт Беларусі, а таксама бясьпека на эўрапейскім кантынэнце ўвогуле, застаюцца пад вялікай пагрозаю ў сувязі з агрэсіўнай рэваншысцкай палітыкай сучаснага расейскага кіраўніцтва і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Грубае парушэньне і фактычная дэнансацыя Будапэшцкага мэмарандуму з боку Расейскае Фэдэрацыі шматкроць падвысілi гэтую пагрозу.

Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць, і перадусім Вялікую Брытанію і ЗША як краіны, што таксама падпісалі Будапэшцкі мэмарандум, а таксама Францыю, якая далучылася да гарантыяў бясьпекі Ўкраіне:

  • Аказаць усю магчымую падтрымку Ўкраіне ў абароне яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнае цэласьці. У тым ліку гэткая падтрымка павінна ўключаць вайсковую і матэрыяльную дапамогу, а таксама экспэртную дапамогу ўраду Ўкраіны пры распрацоўцы і рэалізацыі праграмы рэформаў;
  • Актыўна спрыяць дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Рэспубліцы Беларусь. Менавіта рэжым неабмежаванай асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца галоўнай пагрозаю для незалежнасьці Беларусі.

Спасылаючыся на пункты “Мэмарандуму аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі”, падпісанага 3 лістапада 2012 г., Рада БНР заклікае ўсе беларускія палітычныя сілы да зьдзейсьненьня ўсіх магчымых міжнародных захадаў дзеля гарантаваньня незалежнасьці Беларусі ў становішчы, калі наяўныя гарантыi паказваюць сваю недастатковасьць.

5 сьнежня 2014 года 

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

You may also like...