Заява Рады БНР аб падтрымцы віцебскага патрыёта Сяргея Каваленкі
Заява Рады БНР аб падтрымцы віцебскага патрыёта Сяргея Каваленкі
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае захапленьне сьмелым учынкам беларускіх патрыётаў, якія 7-га студзеня ўзьнялі на каляднай ёлцы ў Віцебску (самай высокай у Беларусі) Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, і патрабуе неадкладнага вызваленьня арыштаванага за гэта актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі.
Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, як і Гэрб “Пагоня”, ёсьць нацыянальнымі сымбалямі і непарыўна зьвязаныя з гісторыяй Беларусі. Пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам беларускія ваяры атрымлівалі слаўныя перамогі. Пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі 25 жніўня 1991 году тысячы мінчанаў на плошчы перад Домам ураду віталі аднаўленьне Незалежнасьці Беларусі.
Рада БНР нагадвае, што замена нацыянальнай сымболікі ў статусе дзяржаўнай на тую, якую сёньня мае Рэспубліка Беларусь, адбывалася на гэтак званым “рэфэрэндуме” 1995 г. з ініцыятывы Лукашэнкі і шэфа ягонай адміністрацыі Леаніда Сініцына (у мінулым – кіраўніка шітабу Лукашэнкі на выбарах 1994 года, пазьней – аўтара ідэі рэфэрэндуму аб уваходжаньні Беларусі ў склад Расеі). На гэты “рэфэрэндум” выносіліся таксама пытаньні аб пазбаўленьні беларускай мовы статусу адзінай дзяржаўнай, аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.
Варта памятаць, што пытаньні г.зв. “рэфэрэндуму” супярэчылі дзейнай на той момант Канстытуцыі і шэрагу законаў. Ён быў прызначаны гвалтоўна — праз зьбіцьцё па загаду Лукашэнкі дзевятнаццаці дэпутатаў Апазыцыі БНФ у залі парляманту. Сам г.зв. “рэфэрэндум” праходзіў пры манаполіі рэжыму на СМІ і з масавымі фальсыфікацыямі. Усё гэта дае падставы лічыць яго нелегітымным.
Вынікам гэтага “рэфэрэндуму” сталі зьдзек над нацыянальнымі сымбалямі, татальная русыфікацыя і выцясьненьне беларускай мовы з усіх сфэраў ужытку, усталяваньне дыктатуры Лукашэнкі і эканамічная залежнасьць краіны ад Масквы.
Для кожнага сьвядомага беларуса Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і “Пагоня” застаюцца сымбалямі беларускай дзяржаўнасьці. Сьведчаньнем гэтага – вывешваньне нацыянальнага Сьцяга легэндарным віцебскім Міронам, масавыя акцыі пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам – нягледзячы на судовыя прысуды, арышты ды штрафы.
Рада БНР лічць сваім абавязкам зьвярнуць увагу кіраўнікоў дэмакратычных краінаў і міжнародных арганізацыяў на сытуацыю вакол Сяргея Каваленкі і яго паплечнікаў.
Рада БНР уважае, што салідарнасьць з мужнымі віцебскімі патрыётамі ў гэтыя дні павінна быць найпершай справай для праваабарончых арганізацыяў, а таксама для ўсіх тых палітычных партыяў і рухаў Беларусі, якія дэкляруюць адданасьць нацыянальным каштоўнасьцям.
Мы ўпэўненыя, што Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і “Пагоня” будуць дзяржаўнымі сымбалямі вольнай і дэмакратычнай Беларусі.
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
9 студзеня 2010