Заява Рады БНР аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі
Рада БНР рэгулярна папярэджвала Заходні сьвет, што ігнараваньне праблемаў Беларусі непазьбежна прывядзе да ўсталяваньня на тэрыторыі краіны вайсковай прысутнасьці Расеі,мэтай якой будзе пагроза Эўропы і ўсяму сьвету.
Сёньня гэты прагноз спраўдзіўся ў чарговы раз — паміж Масквой і Менскам падпісанае пагадненьне аб разьмяшчэньні ў сховішчах на тэрыторыі Беларусі нестратэгічнай (гэта значыць, тактычнай) расейскай ядзернай зброі.
Рада БНР зьвяртае ўвагу, што ў Беларусі адсутнічае легітымная ўлада — Лукашэнка ёсьць узурпатарам, які, як і ягоныя прызначэнцы, ня маюць ніякага права прымаць рашэньні за беларускі народ.
Цяперашняе ж рашэньне Масквы і Менску ставіць беларусаў пад пагрозу ня толькі ядзернага ўдару ў адказ, але і прэвэнтыўнага ядзернага ўдару — упершыню з часоў існаваньня СССР.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае ўрады і парлямэнты дэмакратычных краінаў падтрымаць беларускі народ у ягоным змаганьні супраць пуцінска-лукашэнкаўскай акупацыі.