ЗАЯВА РАДЫ БНР АБ РАЗЬМЯШЧЭНЬНІ РАСЕЙСКАЙ ЯДЗЕРНАЙ ЗБРОІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе, што намер кіраўніка Расеі У. Пуціна разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю пацьвярджае поўную залежнасьць А. Лукашэнкі ад Крамля і ў чарговы раз фіксуе разрыў дыктатарскіх інтарэсаў Лукашэнкі і памкненьняў беларускага народа, які яшчэ ў 1990 годзе ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце выказаў намер дамагчыся бязьядзернага статусу краіны.

Наяўнасьць расейскіх ядзерных боегаловак стварае рэальную пагрозу як для суседніх краінаў – Украіны, Польшчы, Літоўскай Рэспублікі і Латвіі, гэтак і для самога беларускага народа, паколькі робіць тэрыторыю краіны практычна гарантаванай мішэньню для ядзернага ўдару.

Беларусь, захоўваючы фармальныя прыкметы незалежнасьці, дэ-факта знаходзіцца пад палітычнай, эканамічнай і культурніцкай акупацыяй Масквы, пры якой пад пагрозу зьнікненьня пастаўленыя беларусы як нацыя. Разьмяшчаючы на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю, Пуцін ставіць беларускі народ цяпер ужо і пад пагрозу фізычнага існаваньня.

Рада лічыць неабходным нагадаць, што ў часы максымальнай свабоды, у пачатку 1990-х гадоў, беларусы добраахвотна адмовіліся ад ядзернай зброі. Пры гэтым падпісанты Будапэшцкага мэмарандуму (1994) дэкляравалі гарантыі сувэрэнітэту Беларусі.

У гэтай сытуацыі Рада БНР заклікае дзяржаваў-падпісантаў Будапэшцкага мэмарандуму, а таксама суседзяў Беларусі, ініцыяваць разгляд на Сэсіі Генэральнай асамблеі ААН пытаньня расейскай вайсковай акупацыі ў змове з узурпатарам улады Лукашэнкам.

Беларусь як найхутчэй павінна быць вызваленая ад панаваньня двух дыктатараў, альянс якіх стварае рэальную пагрозу народам Усходняй Эўропы.

You may also like...