ЗАЯВА РАДЫ БНР ДА ДНЯ РОДНАЙ МОВЫ
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Сёньня мы сустракаем яго ў жалобе з прычыны гібелі ў лукашэнкаўскай турме палітвязьня Ігара Ледніка, які, нягледзячы на інваліднасьць і цяжкія хваробы, быў кінуты за краты за выступы супраць антыбеларускага, антынацыянальнага рэжыму. Ён папоўніў мартыралёг нашых герояў.
Беларуская мова сёньня знаходзіцца ў стане, у якім яна не была апошняе стагодзьдзе. Працягваючы ўзяты пасьля антыканстытуцыйнага гэтак званага рэфэрэндуму 1995 г. курс на прымусовую русыфікацыю, рэжым Лукашэнкі ліквідуе беларускае школьніцтва. Практычна зьнішчаныя ўсе грамадзянскія ініцыятывы, уключна з Таварыствам беларускай мовы імя Скарыны.
За беларускае слова, вымаўленае ў прысутнасьці лукашэнкаўскіх сілавікоў, людзі могуць быць падвергнутыя рэпрэсіям. Робіцца ўсё, каб беларусы забыліся на родную мову, на сапраўдную сваю гісторыю. Замацаваньне ў новых пакаленьнях каляніяльнай, залежнай ад Масквы мэнтальнасьці мае на мэце і ўвядзеньне адзіных з Расеяй падручнікаў па гісторыі.
У такіх умовах вартасьць кожнага вымаўленага беларускага слова, кожнай беларускай кнігі, кожнага беларускага сьпеву, спэктаклю, кінастужкі – павялічваецца шматкроць.
Сёлетні Дзень роднай мовы супадае са 100-годзьдзем з дня народзінаў вялікага беларускага пісьменьніка, аднаго з лідэраў нацыянальна Адраджэньня Васіля Быкава. Памятайма ж апошнія ягоныя словы, сказаныя ў абарону зьнішчанага ўладамі беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа — «Трэба змагацца за родную мову!».
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі