Заява Рады БНР да сітуацыі ва Ўкраіне

РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ
ЗАЯВА

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі,

  • Зважаючы на разьвіцьцё палітычна-ваеннай сітуацыі ў адносінах Расеі і Украіны, зь якімі мае супольныя межы Беларусь;
  • Беручы пад увагу дзьвубаковыя і шматбаковыя міжнародна-дамоўныя абавязкі Беларусі, а таксама абавязкі, прынятыя ад імя Беларусі ўладамі пад кіраўніцтвам А. Лукашэнкі;
  • З увагі на найвышэйшыя інтарэсы Беларусі ў захаваньні сваёй нацыянальнай бясьпекі, у тым ліку аднаўленьне ў сваім рэгіёне становішча, якое выключае паўстаньне вайны;
  • Вітаючы поступ украінскага народу да дэмакратыі, асацыяцыі з дэмакратычнай супольнасьцю эўрапейскіх нацыяў, і ў пазбаўленьні украінскім грамадзтвам ад наступстваў савецкага панаваньня і ў супрацьстаяньні пост-савецкай карупцыі;
  • На ўнёсак Сакратарыяту Вонкавых Спраў і Сакратарыяту для справаў Абароны:
    1. Вітае і цалкам падтрымлівае захады Украіны па захаваньні тэрытарыяльнай цэласьці і сувэрэнітэту перад абліччам збройнай агрэсіі.
    2. Сьцьвярджае, што, праводзячы палітыку збройных авантураў, кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі засьведчыла, што Расейская Фэдэрацыя пры яе сучаснай палітычнай рэчаіснасьці ня здольная быць партнэрам у абарончым саюзе, які спрыяў бы нацыянальнай бясьпецы Беларусі. З увагі на гэта і дзеля выкананьня Арт. 18 Канстытуцыі РБ, уважае неабходным неадкаладна прыпыніць дзеяньне і выйсьці з усіх угодаў з Расеяй у ваенна-палітычнай галіне.
    3. Выражае заклапочанасьць з гуманітарных наступстваў збройных авантураў Крамля для народа Расейскай Фэдэрацыі.
    4. Заклікае ўрады краін-падпісантаў Будапэштцкага мэмарандуму 1994 г. забясьпечыць выкананьне запэўненьняў бясьпекі, дадзеных Украіне, а таксама заклікае ўрады ўсіх краінаў-падпісантаў іншых датычных двухбаковых і шматбаковых дамоваў, Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў і ўсе датычныя міжнародныя арганізацыі, выканаць свае абавязкі, што неабходна для захаваньня ад разбурэньня самой сыстэмы міжнароднага права, утворанай пасьля 1945 г.
    5. Выказвае засьцярогі адносна статусу і дастатковасьці Будапэшцкага мэмарандуму 1994 г. аб гарантыях бясьпекі для Беларусі. Заклікае ўсе беларускія палітычныя сілы на Бацькаўшчыне і ў замежжы далучыцца і засяродзіць працу на мэтах Мэмарандуму нарады старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі “Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі” ў Вільні 3 лістапада 2012 г.
    6. Зьвяртае ўвагу на небясьпеку для нацыянальных інтарэсаў Беларусі палажэньняў аб рэжыме зьнешніх межаў Эўразійскага мытнага саюзу, якія могуць быць ужыты Расеяй у якасьці інструмэнта эканамічнага або ваенна-палітычнага ціску ў канфлікце з трэцімі бакамі насуперак уласным інтарэсам Беларусі.
    7. Заяўляе пра неабходнасьць расьследваньня і прыцягненьня да адказнасьці службовых асобаў, незалежна ад дзяржаўнай прыналежнасьці, за міжнародныя злачынствы супраць міру і падрыхтоўку ці замах на зьдзяйсьненьне гэткіх. Выражае заклапочанасьць часам і зьместам нядаўняга тэрміновага разглялу ўладамі начале з А. Лукашэнкам новай рэдакцыі закону аб вайсковым становішчы.
    8. Сьцьвярджае, што наданьне прытулку або грамадзянства асобам, якія знаходзяцца ў вышуку Украінай за злачынныя дзеяньні падчас пратэстаў 2013-2014 гг., не павінна захоўваць юрыдычнай моцы і такія асобы павінны падлягаць экстрадыцыі новымі ўладамі Беларусі па спрошчанай працэдуры.
    9. Асабліва засьцерагае паноўныя ў Беларусі ўлады ад любога наўпростага ці ўскоснага ўдзелу у расейскай збройнай авантуры супраць Украіны, у тым ліку праз дапушчэньне выкарыстаньня Расеяй беларускай паветранай прасторы. Службовыя асобы, якія бы санкцыянавалі рашэньні аб адваротным, павінны будуць быць прыцягнуты да адказнасьці за саўдзел у міжнародных злачынствах: злачынствах супраць міру, а таксама любых ваенных злачынствах, якія ў выніку імаверна могуць быць зьдзейсьнены расейскім бокам. Такія службовыя асобы будуць таксама несьці асабістую крымінальную і грамадзянскую адказнасьць за наступствы для юрыдычных і фізычных асоб у Беларусі ў выніку любога ўдзелу Беларусі ў ваеннай авантуры Расеі.

Рада БНР будзе вітаць адпаведныя дзейсныя меры міжнароднай супольнасьці па забесьпячэньні тэрытарыяльнае цэласьці і сувэрэнітэту Украіны.

Рада ўважае, што беларусы, якія вырашылі бы асабіста зрабіць любы ўнёсак у гуманітарную дапамогу ўсім пацярпелым ва Ўкраіне, а таксама любы ўнёсак у падтрымку высілкаў украінскай дзяржавы па захаваньні сувэрэнітэта і адбіцьцю агрэсіі, будуць дзейнічаць таксама і накарысьць доўгатэрміновых інтарэсаў нацыянальнай бясьпекі Беларусі.

3 сакавіка 2014 года 

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

You may also like...