ЗАЯВА РАДЫ БНР З НАГОДЫ 33-Й ГАДАВІНЫ АБВЯШЧЭНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ
Дарагія беларусы!
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі віншуе вас з нашым вялікім сьвятам – гадавінай абвяшчэньня адроджанай Незалежнасьці!
Дзень 25 жніўня 1991 году ня быў выпадковасьцю ў нашай нацыянальнай гісторыі.
Ён стаўся вынікам змаганьня паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, асьветнікаў «Нашай Нівы», заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія 25 сакавіка 1918 году абвясьцілі незалежнапсьць роднага краю, удзельнікаў Слуцкага ды іншых антыбальшавіцкіх паўстаньняў, ахвяраў чэкісцкіх рэпрэсій, усіх тых, у каго прыгнёт камуністычнай імпэрыі ня здолеў зьнішчыць памкненьне да волі.
У часы, калі ў савецкай Беларусі прыхільнікам Незалежнасьці пагражалі турма і сьмерць, Рада БНР на выгнаньні імкнулася давесьці міжнароднай супольнасьці права беларусаў на ўласную дзяржаўнасьць.
Права гэтае было рэалізаванае, як толькі ўзьнікла магчымасьць, дзякуючы намаганьням БНФ, які аб’яднаў у сваіх шэрагах лепшых дачок і сыноў нашага народу.
Але імпэрыя пакуль не сканала. Яна катуе беларусаў у лукашэнекаўскіх турмах, імкнецца зьнішчыць Украіну, пагражае ўсяму сьвету ядзерным апакаліпсісам.
І ў гэты час трымае нас вера ў нашую праўду, якая асьвечаная крывёю продкаў ды мужнасьцю сёньняшніх вязьняў прамаскоўскага рэжыму – тых, якія плоцяць за будучыню свайго народа ўласнай свабодай.
Беларусь будзе жыць – калі, як сказаў наш нацыянальны геній Васіль Быкаў, 100-годзьдзе якога мы сёлета адзначаем, «ня скорыцца чужой сіле, яшчэ разгорне свой жыцьцёвы патэнцыял і зьдзейсьніць на Боскай замлі сваю людзскую місію».
Жыве Беларусь!
25 жніўня 2024 г.