Зварот да Беларускага Народу з нагоды Дня Волі 2012
Дарагія Суродзічы!
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, Днём Волі, калі наш народ, пасьля доўгага прыгнёту, абвясьціў сьвету, што ён таксама хоча быць гаспадаром на сваёй зямлі.
Здабылі мы незалежнасьць 25 сакавіка 1918 году і зьбераглі дасюль ідэалы 25 сакавіка, нягледзячы на шматлікія перашкоды, таму што былі між намі героі, якія разумелі цану волі і бязьмежна любілі свой край і свой народ.
Гэтае маё Сакавіцкае прывітаньне хачу прысьвяціць аднаму з нашых сучасных герояў, над жыцьцём якога варожы рэжым зьдзекуецца сёньня – Сяргею Каваленку.
Што Сяргей дужы, адважны і патрыёт – мы даўно ведалі.
Толькі ворагі не адчулі радасьці, калі ён ўзьлез на калядную ялінку ў Віцебску з Бел-Чырвона-Белым Сьцягам у руках. Гэтыя ворагі сёньня стараюцца яго зьнішчыць.
Словы, якія Сяргей перадаў нам праз жонку Алену, застануцца ў сэрцы кожнага беларуса.
Сяргей папрасіў, каб сьвяткавалі Дзень Волі з Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі ў руках. Гэта будзе падтрымкай і для яго. Ён заявіў, што дабрабыту ня можа быць без культуры, а падмуркам культуры зьяўляецца родная мова, і што трэба шанаваць свае нацыянальныя каштоўнасьці – гісторыю І мову.
Сяргей сказаў, што мы самі – наш беларускі народ – уратуе сваю краіну, і толькі тады падтрымаюць нас іншыя краіны. Таксама сказаў, што толькі беларускі народ можа дапамагчы яму выйсьці з гэтага цяжкага стану.
Дарагія суродзічы, не расчаруйма героя! Ён верыць у нашую беларускасьць і ў нашую мужнасьць. Ён верыць у свой народ і гатовы аддаць сваё жыцьцё дзеля гэтае веры. Будзьма годнымі героя! Як напісаў Антось са Слуцку: наша чарга дзейнічаць! Кожны чым і як можа. Дзесяць мільёнаў галасоў не застануцца без адказу!
Дык памажы нам Божа! Памажы Божа Сяргею Каваленку!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі