Зварот да Беларускага Народу з нагоды 91 Угодкаў БНР
Дарагія суродзічы-беларусы!
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі маю гонар вітаць Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, угодкамі абвешчаньня 25 сакавіка 1918 году незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якія мы называем Днём Волі.
Нацыянальныя сьвяты кожны народ сьвяткуе радасна і ўрачыста. З глыбіні сэрца жадаю, каб і для ўсіх нас як на Бацькаўшчыне, гэтак і па-за яе межамі гэты дзень стаўся нагодай выявіць сваю любоў да Бацькаўшчыны. Адначасна прашу кожнага з вас задумацца над пытаньнем, куды вядзе нашу краіну палітыка сёньняшняга рэжыму ў Беларусі.
Жыве беларускі народ ува ўмовах няволі. Кантрактная сыстэма; забарона дзецям з чарнобыльскай зоны карыстацца дапамогай добразычлівых людзей цывілізаванага сьвету; тэрор у форме падслухоўваньня тэлеразмоваў, адбіткаў пальцаў, несанкцыяваных ператрусаў, канфіскацыяў й затрыманьняў, фатаграфаваньня людзей на грамадзкіх мерапрыемствах; новапрыдуманае зьнявольваньне ў войску непаслухмянае моладзі пасьля яе выключэньня са школаў і ўнівэрсытэтаў; абмяжоўваньні доступу да праўдзівае інфармацыі. Беларусь сталася падобнай да афрыканскае Зымбабвэ пад дыктатураю Мугабэ. Засталося толькі правесьці рэфэрэндум аб пажыцьцёвай прэзыдэнтуры ды пераемнасьці ўлады па прызначэньню, без галасаваньня.
Эўропа стараецца памагчы Беларусі, але толькі сам народ Беларусі можа стрымаць разгул дыктатуры й самаволі. Толькі вы, дарагія суродзічы, можаце паказаць адзін аднаму й цэламу сьвету, што вы адчуваеце зьдзек нялюдзкага рэжыму, прагнеце спакайнейшага, лепшага жыцьця.
Рада БНР із свайго боку робіць усё магчымае, каб вонкавы дэмакратычны сьвет ведаў праўду пра становішча ў Беларусі ды спрыяў справе аднаўленьня ў ёй дэмакратычнага ладу й грамадзянскіх свабодаў. Рада БНР працуе на тое, каб непаслабна трывалі нашы адраджэнскія намаганьні, каб жыла й разьвівалася беларушчына, каб гарэла сьвяцільня Акту 25 Сакавіка 1918 году. Ведайма, што зарука будучыні ў памятаньні мінуўшчыны.
Дапамажы нам Божа.
Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі