Зварот да суродзічаў Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы з нагоды Дня Незалежнасьці – 2002
Дарагія суродзічы,
Вітаю Вас з Днём 25-га Сакавіка, нашым вялікім нацыянальным Сьвятам, якое Вы называеце Днём Волі, а мы тут, на чужыне, называем Днём Незалежнасьці.
Усе мы ведаем, што народ наш сёньня ня ёсьць вольным. Ці ж можна гаварыць аб волі, калі людзі зьнікаюць за тое, што думаюць інакш, як улады, калі закрываюцца незалежныя газэты ды арыштоўваюцца прадпрымальнікі за прыдуманыя праступствы, калі штрафуюць ды зьбіваюць нашу моладзь за тое, што яна дамагаецца права жыць бяз страху, калі зьдзекуюцца над нашымі навукоўцамі, бо яны кажуць праўду? Баліць мне сэрца за ўсіх гэтых мучанікаў нашых часоў – ахвяраў нялюдзкага рэжыму які пануе над Вамі. Баліць мне яно таксама за тых з Вас, мае дарагія суродзічы, што яшчэ вераць у прапаганду чалавека, які ня толькі ня дбае пра ваш дабрабыт, але які гатовы прадаць Вас, каб утрымацца пры ўладзе. Бо ж Вы, якія верыце дыктатару, таксама ахвяры, ахвяры нячэснасьці ды ілжы гэтага рэжыму.
Але хацела б я ў гэты сьвяты Дзень папрасіць Вас, каб задумаліся Вы таксама над пытаньнем незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
Ці забаранялася б Вам сьвяткаваць 25-га Сакавіка каб край наш быў незалежным? Ці баяліся б Вы гаварыць па-беларуску ў прысутнасьці ўніформаў, калі б Вы адчувалі сябе жыхарамі незалежнай беларускай дзяржавы? Ці ўважалі б Вы, што карысьней для вашых дзетак вучыцца на чужой мове – каб даць сабе рады ў жыцьці – калі б сапраўды верылі, што жывяцё ва ўласнай краіне, у сваім уласным доме, дзе толькі Вы зьяўляецеся гаспадарамі? І ці трэба было б бараніць магілы сваякоў і суродзічаў закатаваных у часы сталінскага тэрору, калі б Беларусь была назалежнай дзяржавай? Бо якая ж незалежная дзяржава будавала б дарогу на касьцях продкаў свайго народу?
Нажаль, край наш і надалей пад ботам чужакаў ды іхных паплечнікаў. Таму і змушаныя мы прадаўжаць змаганьне за незалежнасьць. Бо толькі ў незалежнай Беларусі спазнае наш народ, што такое сапраўдная воля, што такое сапраўды быць гаспадаром у сваім доме.
Дарагіе мае суродзічы, у нашых рукох, і толькі ў нашых рукох будучыня нашага народу і нашага прыгожага краю. Бог нам паможа, сьвет нам паспрыяе, але толькі мы можам зрабіць Беларусь вольнаю і незалежнаю Дзяржавай ды выратаваць яе ад сьмерці. Гэта наш сьвяты абавязак перад Богам, Бацькаўшчынай ды тысячамі папярэднікаў-патрыётаў, што змагаліся за справядлівасьць і свабоду.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР