Зварот з нагоды асьвячэньня беларускай царквы ў Лёндане

Старшыня Рады БНР зьвярнулася да беларусаў Вялікай Брытаніі з нагоды асьвячэньня ў Лёндане беларускай Царквы ў гонар сьвятаначальніка Кірылы, біскупа Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў Беларускага народу.

“Новы беларускі храм будзе важным сымбалям беларускай культурнай прысутнасьці ў адным з найбольш важных гарадоў сьвету і месцам, дзе беларусы змогуць надалей маліцца Богу на мове сваіх продкаў. Cёньня вялікае сьвята для ўсіх беларусаў незалежна ад веравызнаньня і ад таго, у якой частцы сьвету яны жывуць.”

Зварот цалкам:


Дарагі айцец Сяргей, дарагія суродзічы-беларусы ў Вялікай Брытаніі,

Вестка пра высьвячэньне беларускага храму ў Лёндане напоўніла сэрца радасьцю, і я вельмі шкадую, што не магу асабіста прысутнічаць на гэтай падзеі. На жаль, штораз цяжэй пералятаць праз акіян.

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і ад сябе асабіста шчыра віншую вас, дарагі айцец Сяргей, і ўсіх, хто спрычыніўся да пабудовы сьвятыні – і перадусім бліскучага архітэктара Рафаэля Цзыўай Со. Пабудавалі Вы ня толькі першую драўляную сьвятыню ў Лёндане ад Вялікага пажару XVII стагодзьдзя, але і першую беларускую сьвятыню ў Заходняй Эўропе. Даказалі Вы гэтым і сваім, і чужым, што “жывая яшчэ душа ў народзе гэтым”.

Беларускі асяродак у паўночным Лёндане заўсёды быў асабліва мілым мейсцам для мяне і многіх беларусаў з усяго сьвету. Зь ім зьвязаныя імёны такіх слаўных людзей, як біскуп Чэслаў Сіповіч, як а. Леў Гарошка і, канечне ж, а. Аляксандар Надсан, які пакінуў нас зусім нядаўна. Гэтыя людзі, будучы дзесяцігодзьдзямі адарваныя ад Беларусі, штодзённа маліліся за яе, дбалі пра беларускую культуру і беларускую спадчыну на чужыне, каб, пранесшы яе празь ліхалецьце, перадаць адроджанай вольнай Бацькаўшчыне.

Асабіста Вам удзячная, што прысьвяцілі храм ахвярам Чарнобылю. Дай Божа, каб бяда гэтая ніколі больш не паўтаралася на нашай зямлі.

Адкрыцьцё беларускае царквы – гэта падзея ня толькі рэлігійная. Новы беларускі храм будзе важным сымбалям беларускай культурнай прысутнасьці ў адным з найбольш важных гарадоў сьвету і месцам, дзе беларусы змогуць надалей маліцца Богу на мове сваіх продкаў. Cёньня вялікае сьвята для ўсіх беларусаў незалежна ад веравызнаньня і ад таго, у якой частцы сьвету яны жывуць.

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

You may also like...