Зварот Старшыні Рады БНР да прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006
Атаўская газэта “The Ottawa Citizen” перадрукавала 10 сакавіка артыкул Джэрэмі Пэйдж з London Times пад загалоўкам “Страх ахапіў Беларусь напярэдадні выбараў”.
І тут мне прыпомніліся словы Папы Яна Паўла Другога да польскага народу. “НЯ БОЙЦЕСЯ” – казаў ён. Словы гэтыя мелі велізарны водгук і ім заўдзячаецца шматлікімі аналітыкамі перамога “Салідарнасьці” супраць нялюдзкага рэжыму.
Усе тыраніі, усе дыктатуры абапіраюцца на страх. Страхам апраўдваюцца так званыя “моцныя” рэжымы, бо ж, маўляў, толькі “моцны” правадыр можа абараніць народ ад нутраных і вонкавых ворагаў. Калі ж ворагаў няма, трэба іх прыдумаць. Так былі прыдуманыя “страшны” Захад, “агрэсыўная” Амэрыка, ды й найгоршыя з найгоршых – нашыя ўласныя “нацыяналісты”.
У адсутнасьці аб’ектыўнай інфармацыі людзям ня бачна, што ўся гэтая прапаганда, якой прамываюцца іх мазгі ад часоў Сталіна, ня мае іншай мэты, як зрабіць зь іх застрашаных нявольнікаў, якія будуць працягваць казаць, як нашыя дарагія бабулькі – “абы вайны не было”. Тыран Сталін укатрупіў дваццаць мільёнаў нявінных людзей пад тлумачэньнем, што ён зьнішчае “ворагаў народу”.
Новы кандыдат на гэтую ролю, Аляксандар Лукашэнка, які трымае ў сваіх руках уладу дзякуючы наступнікам Сталіна, карыстаецца тымі самымі аргумэнтамі. Нават назоў “бацька”, які дыктатар прысвоіў, сьведчыць пра такія намеры. Ён, маўляў, мусіць быць жорсткім “бацькам”, каб абараніць “нашу Беларусь” ад усіх ворагаў, уключна зь яе дэмакратычнай Апазыцыяй.
Жорсткасьць гэтая дазваляе яму гвалціць абсалютна ўсе людзкія правы – нават тыя, якімі наш народ карыстаўся яшчэ ў шаснаццатым стагодзьдзі, калі ён быў адным з найбольш цывілізаваных народаў Эўропы. Сёньня забараняецца чытаць вольную прэсу, канфіскуецца выбарчы матэрыял, арыштоўваюцца патрыёты, якія змагаюцца не за ўладу, а за лепшую долю свайго народу, забараняюцца мітынгі выбаршчыкаў, канкурэнты Лукашэнкі не дапускаюцца да СМІ і зьбіваюцца.
Дыктатар спадзяецца, што застрашаны люд даверыць яму яшчэ пяць гадоў улады і дазволіць яму закончыць сваё здрадніцкае жаданьне – адаць наш край у няволю. Гэта ўважаю найбольшай небясьпекай для будучыні Беларусі. Калі Лукашэнка здолее зьдзейсьніць сваю задуму “саюзу з Расеяй”, дзяржава нашая перастане існаваць, як яна перастала існаваць пасьля першага Аншлюсу яе ў Расейскую Імпэрыю ў 1795 годзе.
Дарагія суродзічы, Вы маеце права, як і ўсе людзі, жыць спакойна і шчасьліва ў сваёй уласнай дзяржаве, без страху, без тэрору. Вы маеце права працаваць самі на сябе, на сваіх дзетак, на сваіх унукаў. Вашыя суседзі прайшлі ўжо шлях да нармальнага стану жыцьця. Усе яны гатовыя вам дапамагчы. Адзін толькі сусед вам дабра не жадае, бо калі б жадаў, не падтрымоўваў бы дыктатара Лукашэнку.
Дык паўтару словы Папы Яна Паўла – НЯ БОЙЦЕСЯ!
Не давайце нікому адабраць у Вас Ваш голас. Не апускайце рук. Пакажыце сьвету сваю чалавечую годнасьць, каб Дзень 25-га Сакавіка стаўся назаўсёды усебеларускім Днём Волі.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
Канада, 12 сакавіка 2006