ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ НАПЯРЭДАДНІ ВЫБАРАЎ

Шаноўныя суродзічы, дарагія беларусы.

Набліжаецца дзень выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Як і ўсе мінулыя выбары за апошнія 25 гадоў, сёлетняя кампанія не зьяўляецца сумленнай і свабоднай.

Многія моцныя лідары, якія маглі скласьці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку, не дапушчаныя да ўдзелу ў выбарах. На сёньняшні дзень яны арыштаваныя. Некаторыя зь іх ужо шмат тыдняў гераічна церпяць зьдзекі ў лукашэнкаўскай турме.

Цяперашняя ўлада баіцца сумленнай барацьбы на выбарах. Гэтая ўлада ведае, што ня зможа на іх перамагчы.

Але ў нечым цяперашнія выбары адрозьніваюцца ад папярэдніх. У першы раз за доўгія гады беларускі народ па ўсёй краіне тысячамі выходзіць пад бел-чырвона-белым сьцягам, дамагаючыся зьменаў.

Абсалютная большасьць беларусаў жадае, каб нашая краіна была свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай. Каб яна кіравалася па законе, а не па волі аднаго-адзінага чалавека.

Беларусы больш не жадаюць, каб краінаю кіраваў дыктатар, які, сярод іншага, ганебна праваліў барацьбу з пандэміяй каранавіруса і такім чынам нясуць адказнасьць за многія сьмерці.

Аляксандар Лукашэнка ня мае ані законнага, ані маральнага права балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі.

Дарагія суродзічы! Самае важнае цяпер – гэта наша поўная еднасьць у тым, каб рашуча патрабаваць ад улады правядзеньня новых сумленных выбараў і вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў.

Беражыце сябе і не забывайцеся пра пандэмію, якая працягваецца. І будзьце гатовыя да доўгай упартай барацьбы й працы дзеля будаўніцтва новай, свабоднай, заможнай беларускай Беларусі.

Жыве Беларусь!

You may also like...