КАБ БЕЛАРУСЬ НІКОЛІ БОЛЬШ НЕ ПАЗНАЛА ПАДЗЕЛАЎ І ЗЬДЗЕКАЎ: ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ДА 30-Х УГОДКАЎ АДНАЎЛЕНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ
Дарагія суродзічы-беларусы, дарагія сябры!
Надыходзіць нашае другое, пасьля 25-га сакавіка, вялікае нацыянальнае сьвята — 25-га жніўня. Але замест таго, каб танчыць на вуліцах, як гэта ў маім дзяцінстве рабілі 14-га ліпеня французы, ці радасна сьвяткаваць 1-га ліпеня перад парлямэнтам у Атаве, як гэта робяць дзясяткі тысяч канадыйцаў, нашаму народу дазволена адзначаць толькі замену адной акупацыі другой.
25 жніўня нельга будзе нават выйсьці на вуліцы Менску зь бел-чырвона-белым нацыянальным сьцягам, бо сілавікі пацягнуць у аўтазакі і турмы, а тыя, што завуць сябе «судзьдзямі», асудзяць на тры (калі ня болей) гады турмы.
Праз трыццаць год пасьля таго, як Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце набыла канстытуцыйную сілу, народ наш працягвае жыць не ў сваёй вольнай дзяржаве, а пад ботам садыста, які ўжо 27 гадоў зьдзекуецца зь яго.
Уявіце сябе, якім магло б быць вашае жыцьцё ў вольнай беларускай дзяржаве. Зірніце, як людзі жывуць у такіх краінах, як Швэцыя, Данія ці нэўтральная Швайцарыя. Так маглі б жыць і вы. Не забываючыся, безумоўна, на пагрозу з усходу, беларусы маглі б сёньня быць гаспадарамі на сваёй зямлі.
Дарагія суродзічы, год таму вы паказалі сьвету, што вы адказны і адначасна цывілізаваны народ, што вы цэніце сваю спадчыну і сваю незалежнасьць і што адзінае, чаго вы жадаеце, — гэта быць вольнымі гаспадарамі на сваёй зямлі. Увесь сьвет нарэшце пабачыў годнасьць і памяркоўнасьць Беларуса. За гэта дыктатар пусьціў на вас шалёных наёмнікаў з дазволам рабіць з вамі што заўгодна.
Чвэрць стагодзьдзя ўмацоўваў сілавыя структуры з адзінай мэтай — утрымацца пры ўладзе. Відаць, адчуў, што толькі сілай ён яшчэ мае шанцы перамагчы свой народ. Перамагчы вас! Не зьвярнуў увагу на сілу вашай любові да дадзенай вам Богам зямлі і на вашае глыбіннае пачуцьцё прыналежнасьці да яе.
Я моцна веру, што гэтая вашая любоў да Беларусі зьберажэ вас, як зьберагала кожны раз, калі народ наш быў пад пагрозай. Выжылі мы на гэтай зямлі дзесяць стагодзьдзяў дзякуючы нашаму глыбокаму пачуцьцю прыналежнасьці да Беларусі.
У гэтыя 30-я ўгодкі незалежнасьці волі мы яшчэ не здабылі. Перад намі яшчэ таемныя перагаворы з суседняй імпэрыяй, якая яшчэ ўсё ня хоча зразумець, што Беларусь не прадаецца, як бы гэтага не жадаў наш гандляр скрадзеным краем!
Таксама ўжо надышоў час, каб „старэйшы брат“ зразумеў, што гены нашыя вельмі розьняцца ад ягоных. У адрозьненьне ад яго, адзінае, чаго беларусы жадаюць, гэта жыць спакойна на сваёй зямлі, як мага далей ад іванаў грозных і вялікіх кацярын. Наш народ працавіты, спакойны і справядлівы. Зла ён нікому не жадае. Чужой зямлі не чапае і спадзяецца таго самага ад сваіх суседзяў.
Сьвяткуем мы цяпер вялізнае сьвята! Ня ведаю, ці будзе калісь лепшая нагода падумаць усім нам над тым, што трэба зрабіць, каб Беларусь ніколі больш не пазнала падзелаў і зьдзекаў. Каб ніколі больш ня трапіла ў няволю. А найважнейшае, магчыма, каб любоў, якую мы адчуваем адны да адных, была мацнейшая за ўсе гневы, усе крыўды. Мы ўсе належым да тае самае вялікае сям’і.
Продкі нашыя былі братамі і сёстрамі. А пад зямлёй у Беларусі ляжаць косткі нашых дзядоў і прадзедаў, якія змагаліся за нашую волю. Мо час прыпомніць словы нашага нацыянальнага гімну: «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…». Зьяднанымі — мы можам, зьяднанымі — пераможам!
Мы заўсёды адчувалі любоў да нашага прыгожага краю. Магчыма таму, што, як у песьні, «каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». Тыя з нас, хто апынуўся на чужыне, даўно здалі сабе справу, што няма нічога мілейшага за свой родны кут. Іх няма патрэбы пераконваць, што трэба цаніць і шанаваць сваю дзяржаву.
Але, магчыма, варта задумацца, што робіць жыхароў Даніі найшчасьлівейшымі людзьмі на гэтай зямлі? Кажуць, што на першым месцы — давер да іншых… Магчыма, варта было б ад гэтага і пачаць?