КГБ СССР пра пасляваенны антысавецкі супраціў у Беларусі: з першых рук
Навучальная брашура Вышэйшай школы КГБ малюе карціну шырокага, але нескаардынаванага антысавецкага падполля ў Беларусі пасля Другой Сусветнай Вайны.
У гісторыі пасляваеннага антысавецкага супраціву ва Усходняй Еўропе на месцы Беларусі — белая пляма. Добра вядома пра дзейнасць «лясных братоў» у балтыйскіх краінах, польскую Армію Краёвую і УПА ва Украіне. Між іншым, у Польшчы і Балтыі іх дзейнасць гісторыкі могуць ацэньваць па-рознаму, але ацалелым партызанам надалі ранг ветэранаў і льготы. Тое самае пытанне цяпер дыскутуецца ва Украіне. Бо тыя партызаны, пры ўсіх сваіх слабасцях ці памылках, змагаліся за незалежнасць сваіх краін.
Цяперашнія ўлады РБ ідэнтыфікуюць сябе з савецкім рэжымам, а не з яго праціўнікамі. Ідэалогія працягвае грунтавацца на міфе пра «вялікую перамогу». Таму архівы КДБ застаюцца фактычна засакрэчанымі.
У 1940-50-я ў Беларусі дзейнічалі і партызаны Арміі Краёвай (чые аддзелы ў Беларусі як мінімум на 40% складаліся з беларусаў), і Украінская паўстанцкая армія. Хаваліся ў лясах і банды звыклых крымінальнікаў. Але былі і беларускія незалежніцкія партызаны. Адносна іх бытуюць розныя легенды, а вось грунтоўная інфармацыя стала з’яўляцца ў адкрытым доступе толькі ў 1990-х.
Таму, напэўна, адна з найбольш каштоўных крыніцаў па тэме — сціплая вучэбная брашура «Белорусские буржуазные националисты» Вышэйшай школы КГБ СССР, выдадзеная ў Маскве ў 1957 годзе.
Брашура была рассакрэчаная Архівам Службы бяспекі Украіны некалькі гадоў таму. Але грунтоўнага аналізу яе зместу мне сустрэць чамусь так і не давялося.
У дакуменце распавядаецца — вачыма супрацоўніка імперскай спецслужбы — пра гісторыю беларускага нацыянальнага руху ад пачатку ХХ стагоддзя. Тэкст напісаны з пазіцыі варожасці да ўсяго беларускага, аднак аналіз часам вельмі дакладны.
Галоўная роля ў фармаванні «буржуазнага нацыяналізму» (чытай — нацыянальнага руху) адводзіцца Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе, братам Луцкевічам, Іваноўскаму. Калі адкінуць ідэалагічныя штампы, з тае брашуркі можна досыць падрабязна даведацца пра тое, як разгортваліся падзеі ў Мінску ў 1917–18 г., напярэдадні абвяшчэння БНР.
Ніводзін адкрыты падручнік па гісторыі ў 1957 г. не мог змяшчаць такіх звестак.
Як і такога падрабязнага апісання арганізацый паваеннай беларускай эміграцыі. Як і пераліку «нацыяналістычных арганізацый» міжваеннай Заходняй Беларусі. (У ліку такіх апынуліся Інстытут гаспадаркі і культуры, Сялянскі і Студэнцкі саюзы — любая самаарганізацыя беларусаў без удзелу маскоўскай агентуры разглядалася КГБ як праява «буржуазнага нацыяналізму».)
Да метадычкі КГБ нельга ставіцца як да крыніцы зусім дакладнай інфармацыі. Недавер да выкладзеных у ёй фактаў з’яўляецца, калі чытаеш, як выдаюцца за сапраўдныя сфабрыкаваныя савецкімі спецслужбамі справы. Напрыклад, справа «Саюза вызвалення Беларусі» 1930 г. Гісторыкі схіляюцца да версіі, што ніякага Саюза вызвалення не існавала ні ва Украіне, ні ў Беларусі. А пад шыльдай раскрыцця такіх «саюзаў вызвалення» ГПУ вынішчала інтэлігенцыю ў нацыянальных рэспубліках СССР, якая патэнцыйна магла ўплываць на розумы. Савецкія спецслужбы дзейнічалі тут у тым самы ключы, што і нацысты на акупаваных тэрыторыях. На той ці іншай падставе, рэальнай ці надуманай, ліквідаваліся мясцовыя эліты.
Аўтары брашуры адзначаюць, што інфармацыя пра СВБ грунтуецца на звестках «агентурнай распрацоўкі і следства». Прызнанні ахвяраў сапраўды ёсць у матэрыялах следства, якім спосабам яны здабываліся — іншае пытанне.
Такім чынам, давяраць брашуры можна толькі ўмоўна. Яна праўдзівая настолькі, наколькі гэта адпавядала інтарэсам КГБ і Масквы.
Што датычыць пасляваеннага часу, метадычка малюе карціну даволі шырокага і ідэйнага, але дэцэнтралізаванага і нескаардынаванага антысавецкага супраціву.
Галоўную ролю ў ім, сцвярджаюць аўтары, ігралі былыя ўдзельнікі нацыяналістычных структур ваеннага часу — Беларускай незалежніцкай партыі, Беларускай народнай самапомачы, Беларускага саюза моладзі.
Цікава, што ў метадычцы ні словам не згадваецца смаргонска-мядзельскае антыкамуністычнае падполле пад кіраўніцтвам Расціслава Лапіцкага. Магчыма, пра патрыятычную групу Лапіцкага, расстралянага ў 1950-м, маўчалі таму, што яна ніяк не «вязалася» ні з паднямецкімі арганізацыямі, ні з замежнымі асяродкамі. Не ўпісвалася ў «зручную схему» КГБ. Можна дапусціць, што аўтары кнігі, падпалкоўнік Бойчанка і маёр Яромін, у тым ліку засцерагаліся, каб у курсантаў не ўзнікала «шкодных думак» пасля чытання пра такія прыклады чыстага патрыятычнага подзвігу.
Метадычка ўтрымлівае звесткі пра тое, як беларускія падпольшчыкі-незалежнікі праводзілі агітацыю сярод насельніцтва, праводзілі асобныя дыверсійныя аперацыі.
Падполле дзейнічала пераважна на тэрыторыі заходніх абласцей БССР, але згадваецца і партызанская група «Беларусь» у былой Полацкай вобласці. Шмат увагі надаецца апісанню чэкісцкіх аперацый па знішчэнні падпольных структураў, вярбоўкі агентаў, спосабаў ціску на арыштаваных падпольшчыкаў.
Мы бачым у брашуры апісаныя сухой «медыцынскай» мовай драмы і прыклады сапраўднага гераізму — як арыштаваныя незалежнікі цягнулі час на допытах, каб іхныя паплечнікі паспелі змяніць яўкі-паролі, або як завербаваныя чэкістамі падпольшчыкі адразу выкрывалі самі сябе перад таварышамі, як толькі вярталіся пасля арышту ў атрад.
За крупінкамі інфармацыі ў чэкісцкай вучэбнай брашурцы — слёзы і кроў, доўгія гады канцлагераў і страшныя смерці людзей, якія аддалі самі сябе ў ахвяру на алтар беларускай незалежнасці.
Паводле ацэнак КГБ, па стане на 1957 год, пішацца ў брашуры, беларускае падполле так і не было канчаткова знішчанае.
«У Беларусі маюцца буржуазныя нацыяналісты, якія пражываюць легальна і глыбока маскуюць сваю варожую дзейнасць. Гэтыя схаваныя ворагі савецкай дзяржавы вядуць актыўную нацыяналістычную працу сярод мясцовага насельніцтва».
Такім чынам, любы патрыёт Беларусі, які зычыў ёй незалежнасці, любы дзяяч нацыянальнай культуры быў у КГБ на падозранні як «падпольшчык».
І такое «падполле» сапраўды дзейнічала.
Шанец на рэальную незалежнасць для Беларусі паваенныя беларускія партызаны-незалежнікі звязвалі толькі з пачаткам новай вайны між СССР і Захадам, сцвярджае брашура.
КГБ памылілася ў ацэнцы. Беларусь урэшце атрымала суверэнітэт не коштам Трэцяе сусветнае вайны, а ў выніку павольнай, але, як аказалася, непазбежнай гістарычнай эвалюцыі.
Болей звестак пра гістарыю Беларусі ХХ стагоддзя мы даведаемся, калі, следам за украінскімі, пачнуць адчыняцца засакрэчаныя архівы КДБ Беларусі і ФСБ Расіі.
Вытрымкі з брашуры
«У 1950 годзе ў былой Баранавіцкай вобласці была выкрытая і ліквідаваная беларуская антысавецкая нацыяналістычная арганізацыя «Саюз барацьбы за вызваленне Беларусі» і яе тэрарыстычная банда на чале з Раманчуком. (…) У арыштаваных канфіскаваная вялікая колькасць зброі, баепрыпасаў і антысавецкіх дакументаў (…)
На следзтве Раманчук паказаў, што стварэнне нацыяналістычнай арганізацыі ён распачаў у 1945 г. (…) У жніўні 1946 года ўдзельнікі антысавецкага падполля прынялі праграму, якая ставіла перад арганізацыяй наступныя практычныя задачы: вярбоўка асобаў, варожа настроеных да савецкае ўлады, збор зброі і боепрыпасаў, вядзенне сярод насельніцтва антысавецкай агітацыі».
«У 1951 годзе ў Маладзечанскай вобласці органамі дзяржаўнай бяспекі была ліквідаваная падпольная беларуская нацыяналістычная арганізацыя «Саюз супольнай справы», створаная ў 1949 годзе для барацьбы супраць савецкай улады за стварэнне беларускай буржуазнай дзяржавы. Узначальвалася яна актыўным беларускім нацыяналістам Радзюкевічам. (…) Перад яе ўдзельнікамі ставіліся наступныя задачы: павелічэнне складу арганізацыі, вырабленне і распаўсюд сярод насельніцтва антысавецкіх улётак-заклікаў, скіраваных супраць мерапрыемстваў, што праводзяць Камуністычная партыя і савецкі ўрад у галіне сельскае гаспадаркі, набыццё зброі і боепрыпасаў, стварэнне банд для ўзброенай барацьбы ў тыле савецкай арміі ў выпадку нападзення на Савецкі Саюз».
«У сярэдзіне 1947 года органамі дзяржаўнай бяспекі ліквідаваная на тэрыторыі БССР антысавецкая арганізацыя «Саюз вызвалення Беларусі». (…) (Арганізацыя была) створана ў лістападзе 1946 года і ставіла сваёй мэтаю падрыхтоўку ўзброенага паўстання ў Беларусі, якое планавалася да моманту ўзброенага нападу ЗША і Англіі на Савецкі Саюз, і стварэнне на тэрыторыі БССР «незалежнай беларускай дзяржавы». У якасці найбліжэйшых задач арганізацыя планавала правядзенне антысавецкай агітацыі і здзейсненне тэрарыстычных актаў над работнікамі партыйных і савецкіх ворганаў, прыцягненне новых удзельнікаў (…)».
«Цягам следства па справе «Саюза вызвалення Беларусі» у гарадах Слоніме і Баранавічах была выкрытая і ліквідаваная яшчэ адна антысавецкая нацыяналістычная арганізацыя пад назваю «Чайка», якая фактычна была філіялам „Саюза вызвалення Беларусі» і мела такія самыя, як «Саюз», структуру, мэты і задачы. Па справе арганізацыі «Чайка» арыштавана звыш за 20 актыўных яе ўдзельнікаў, у тым ліку арганізатар і галава, актыўны беларускі нацыяналіст Супрун, які працаваў настаўнікам вясковае школы.
У склад «Саюза вызвалення Беларусі» і «Чайкі» ўваходзілі былыя ўдзельнікі «Саюза беларускай моладзі» і іншых нацыяналістычных арганізацый, (…) а таксама нацыяналістычныя элементы з ліку інтэлігенцыі, асабліва настаўнікаў вясковых школаў, навучэнцы тэхнікумаў, педагагічных вучэльняў, старэйшых класаў сярэдніх школ. (…) Былі распрацаваныя статут і праграма, а таксама тэкст прысягі. Пры ліквідацыі «Саюза вызвалення Беларусі» канфіскаваныя пратаколы антысавецкіх зборышч, праграма, статут, шэраг артыкулаў антысавецкага характара, а таксама зброя і боепрыпасы».
PDF усёй брашуры:
Алесь Чайчыц
Наша Ніва, 2013 г.