ЛУКАШЭНКА НЕ ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ПРЭЗЫДЭНТАМ БЕЛАРУСІ. НЕАБХОДНЫЯ НОВЫЯ ВЫБАРЫ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае сваё абурэньне фактам таемнай інаўгурацыі, якая ў парушэньне дзеючага заканадаўства адбылася ў Менску раніцай 23 верасьня 2020 г.
Афіцыйна абвешчаныя вынікі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь не зьяўляюцца сапраўднымі і не адлюстроўваюць волю народа Беларусі.
Па ўскосных прызнаках пераможцам выбараў зьяўляецца Сьвятлана Ціханоўская, якую ўлады незаконна, шляхам шантажу і пагрозаў, прымусілі зьехаць зь Беларусі.
З улікам істотных парушэньняў пры правядзеньні сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў і з улікам таго, што рэальныя вынікі гэтых выбараў ня могуць быць усталяваныя, Рада БНР заяўляе пра неабходнасьць правядзеньня новых дэмакратычных выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць аказаць увесь магчымы ціск, у тым ліку ў выкарыстаньнем эканамічных санкцый, з мэтаю адхіленьня былога прэзыдэнта А. Лукашэнкі ад незаконна ўзурпаванай ім фактычнай улады ў Рэспубліцы Беларусь.
У такіх варунках беларускі народ мае поўнае права на актыўны супраціў незаконнай уладзе А. Лукашэнкі, у тым ліку на адкрыты мірны вулічны пратэст і страйкі.
Беларускі народ зрабіў свой адназначны выбар на карысьць свабоды і дэмакратыі. Улада былога прэзыдэнта А. Лукашэнкі трымаецца выключна на ілжы, страху і гвалце, і скончыцца гэтаксама, як скончыліся многія такія ж рэжымы перад гэтым.
Беззаконьне, якое перад вачыма ўсяго сьвету адбываецца ў Беларусі, будзе спыненае супольнымі намаганьнямі беларусаў і сяброў Беларусі.