Марка да 100-годзьдзя Васіля Быкава
Пасьля 70-гадовага перапынку, Рада БНР аднавіла традыцыю выпуску паштовых марак. Першая марка прысьвечана Васілю Быкаву. Як вядома, Рада БНР прапанавала абвясьціць 2024-ты годам Быкава, 100-годзьдзе якога беларусы адзначаюць 19 чэрвеня.
Дызайн маркі зрабіў беларускі мастак, па сюжэце цяпер ужо клясычнага фотаздымка Ўладзімера Кармілкіна.
Для выпуску мы скарысталіся паслугамі Чэскай пошты, якая друкуе счэпкі разам зь дзейнымі знакамі паштовай аплаты Чэскай Рэспублікі. Зробленыя два лісты ў розных міжнародных літарных наміналах – як для ўнутраных, гэтак і міжнародных адпраўленьняў.
Акрамя таго, абмежаваным накладам выпушчаныя два лісты з павялічанай выявай маркі з партрэтам Быкава і з сюжэтам вядомай паштоўкі з «Пагоняй» і выявамі беларускіх гарадоў. Між іншым, Радзе ўдалося скарыстаць марку Чэскай пошты зь літарай В (пры жаданьні, можна чытаць як «Васіль», а можна – як «Bykau”), дзе ёсьць выява бел-чырвона-белага сымбалю.
Падобныя выданьні ў счэпках зь дзейнымі знакамі паштовай аплаты зьяўляюцца прадметам філятэліі, і Рада пастараецца, каб хаця б невялікая колькасьць «быкаўскіх» марак патрапіла на тэрыторыю Беларусі.