Мэмарандум Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў дачыненьні да пачатку вяшчаньня радыёстанцыі “Нямецкая Хваля” для Беларусі
Мэмарандум Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
ў дачыненьні да пачатку вяшчаньня радыёстанцыі “Нямецкая Хваля” для Беларусі
12 жніўня 2005 году
Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, разгледзеўшы вынік тэндэру Эўрапейскай Камісіі, паводле якога кантракт на радыёвяшчаньне для Беларусі быў перададзены расейскай службе радыёстанцыі “Нямецкая Хваля”:
- прызнае патрэбу міжнароднай дапамогі дзеля стварэньня альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі для жыхароў Беларусі, якія на працягу дзесяцігодзьдзя застаюцца ізаляваныя ад аб’ектыўнай інфармацыі і знаходзяцца пад узьдзеяньнем хлусьлівай прапаганды рэжыма А. Лукашэнкі;
- вітае гатовасьць эўрапейскіх інстытуцыяў дапамагчы беларускаму народу ў гэтай справе.
- сьцьвярджае, што пашырэньне дэмакратычнай палітычнай культуры на падставах эўрапейскіх стандартаў і вартасьцяў, а таксма ўмацаваньне сьвядомасьці адзінства беларускай нацыі зь сям’ёй дэмакратычных нацыяў Эўропы ёсьць падставовым прынцыпам ды задачай дасягненьня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.
Адначасова, Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
- зазначае, што пытаньне беларускай мовы ёсьць неабходнай умовай дэмакратызацыі краіны. У сувязі з гэтым пашырэньне ў Беларусі дэмакратычнай палітычнай культуры на грунце эўрапейскіх стандартаў вымагае заахвочаньня ў грамадзкай сьвядомасьці усіх тых аспэктаў нацыянальнай спадчыны, што лучаць Беларусь з Эўропай. Гэта кантрастуе са спадчынай савецкай русіфікацыі ў грамадзкім жыцьці Беларусі, ды з палітыкай сучаснага рэжыму, які, пасьля прыходу да ўлады ў 1994 г., дзеля сваіх палітычных мэтаў заахвочвае ды гвалтоўна накідае новую русіфікацыю;
- назірае, што заахвочаньне разуменьня адзінства Беларусі з Эўропай было пасьпяховым выключна на грунце нацыянальнай сьвядомасьці і грамадзкай культуры, якія гістарычна паўсталі ва ўмовах эўрапейскага кантэксту, ды захавалі сьвядомую прыналежнасьць да яго. У супрацьлегласьць гэтаму, нішто з тае грамадзкае спадчыны, якую Беларусь дзеліць з Савецкім Саюзам або Расейскай Імпэрыяй, не ўзгадоўвае сьвядомасьці роднасьці з Эўропай. З гэтай прычыны пануючы сёньня ў Беларусі рэжым насаджае ўсе аспэкты савецкай/расейскай спадчыны.
- сьцьвярджае, што да выбару мовы радыёперадачаў, што факт шырокага ўжываньня расейскае мовы ў Беларусі пад чужынскім панаваньнем ды пад рэжымам Лукашэнкі яшчэ ня робіць гэтую мову найбольш адпаведнай для названых вышэй задачаў. Беларуская мова таксама агульна зразумелая (аб чым сьведчаць зьвесткі афіцыйных перапісаў) і захоўвае статус афіцыйнай мовы ў краіне. Паколькі мовам у Беларусі ўласьцівая гістарычна-палітычная матываванасьць, выбар мовы ня можа быць палітычна-нэўтральным;
- дадаткова зазначае адносна ужываньня расейскае мовы у фінансаваных Эўрапейскай Камісіяй радыёперадачаў для Беларусі, што гэткія падвойныя стандарты адносна роднай мовы нацыі – у параўнаньні з падыходамі, ужыванымі да суседніх краінаў – неапраўданыя і непрыймальныя. Напрыклад, “Нямецкая Хваля” мае асобную ўкраінамоўную службу, нягледзячы на параўнальны зь беларускім узровень русіфікацыі ва Ўкраіне. Вышэйузгаданае таксама пярэчыць усяму досьведу пасьпяховай дэмакратызацыі ў суседніх пост-камуністычных краінах, якая нязьменна ўключала адахвочаньне савецкай спадчыны ва ўсіх праявах грамадзкага і палітычнага жыцьця, ды замацаваньне новай нацыянальнай эўрапейскай тоеснасьці на грунце гістарычных нацыянальных культураў;
- заўважае, што названае рашэньне выклікала ў Беларусі рэакцыю пратэсту, асабліва сярод палітычна-актыўнай часткі грамадзтва; гэтае рашэньне шырока разглядаецца як фактар захаваньня спадчыны савецкай русіфікацыі ў Беларусі і, як вынік, працягу цяперашняй палітычнай стагнацыі.
З увагі на зазначанае вышэй, Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:
робіць выснову, што ў цяперашніх умовах праект вяшчаньня на Беларусь не па-беларуску ня будзе эфэктыўны ў дасягненьні сваіх мэтаў, паколькі канкрэтнае палітычнае значэньне, уласьцівае ў рэаліях Беларусі расейскай мове востра супярэчыць сутнасьці яе прызначэньня
Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае шкадаваньне аб рашэньні Эўрапейскай Камісіі ўхваліць радыёвяшчаньне для Беларусі ў яго сучасных моўных парамэтрах, да настойліва заклікае да тэрміновага перагляду гэтага рашэньня, каб фармат радыёвяшчаньня адпавядаў мэтам дасягненьня дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.