ПАСЕДЖАНЬНЕ ПРЭЗЫДЫЮМУ РАДЫ БНР

У Нью-Ёрку 14 лістапада 2004 году адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Рады БНР. Старшыня Рады Івонка Сурвілла, а таксама сябры Рады Ала Орса-Рамано, Янка Запруднік, Вячка Станкевіч ды іншыя распавялі пра кантакты з амэрыканскімі й эўрапейскімі палітыкамі што да рэфэрэндуму і выбараў у Беларусі, вынікі якіх Радай не ўважаюцца за легітымныя.

Адным з галоўных пытаньняў быў “Акт аб дэмакратыі”, які нядаўна быў прыняты Кангрэсам і падпісаны Прэзыдэнтам ЗША. Сябры Рады БНР, лідэры беларускіх арганізацыяў у ЗША выступілі як актыўныя лабісты гэтага дакуманту, скарыстоўваючы свае кантакты як з кангрэсмэнамі, гэтак і з прадстаўнікамі Белага дому.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла нагадала, што Рада прынцыпова не карыстаецца матар’яльнай падтрымкай ніякіх дзяржаўных установаў якіх-бы ні было краінаў, каб ня быць ад іх залежнай. Так было раней, так будзе і надалей.

Да гэтага часу дыяспара не лічыла патрэбным уплываць і на выдаткаваньне арганізацыям у Беларусі сродкаў з амэрыканскіх крыніцаў (як вядома, ЗША абсалютна легальна спрыяе грамадзкаму сэктару ў розных краінах). Выглядае, што цяпер сытуацыя будзе зьмененая – дыяспара будзе адыгрываць актыўнейшую ролю ў гэтым працэсе. Зрэшты, гэта і ня дзіўна, бо дыяспара – гэта амэрыканскія падаткаплацельшчыкі, а кожны зь іх жадае ведаць, куды і на якія патрэбы ідуць ягоныя грошы.

Цяпер, калі “Акт аб дэмакратыі” прыняты, дыяспара прадставіць свае прапановы наконт дапамогі тым недзяржаўным арганізацыям і незалежным СМІ ў Беларусі, якія спрыяюць ня толькі дэмакратыі, але й разьвіцьцю нацыянальнай культуры, і ў першую чаргу – пашырэньню ўжытку беларускай мовы. Гэта будзе лічыцца абсалютным прыярытэтам.

Сярод іншых тэмаў, якія абмяркоўваліся на паседжаньні Прэзыдыюму Рады БНР – прапановы актывістаў беларускіх арганізацыяў у Бэльгіі, якія зьвярнулі ўвагу Рады на трывожную тэндэнцыю, калі пад выглядам змагароў з рэжымам Лукашэнкі палітычны прытулак атрымліваюць асобы, якія з дэмакратычным, апазыцыйным рухам ня маюць нічога супольнага. Больш таго – ёсьць выпадкі, калі такія людзі нават не зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі, падрабляюць дакумэнты. Такім чынам, на Захадзе ў пэўных колах быць беларусам цяпер “модна” – але мода гэткага кшталту не спрыяе аўтарытэту беларускай дэмакратыі й ідзе на шкоду тым ахвярным людзям, якія змагаюцца за незалежнасьць на Бацькаўшчыне.

Газэта “Беларус”, №503