Пратэст Слуцкай Беларускай Рады да Ўраду Саветаў (між 21 і 27 лістапада 1920 г.)
Напярэдадні пачатку баявых дзеяньняў у лістападзе 1920 г. Часовая Рада Случчыны выдала заяву, у якім пратэставала супраць наступу войскаў бальшавікоў. Ніжэй падаем тэкст заявы.
***
У часе сусьветнай вайны, якая збурыла адны магутныя дзяржавы і вызваліла іншыя, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля 350 гадоў няволі ўзноў на ўвесь сьвет чуцен голас Беларускага Народу аб тым, што ён жыве і жыць будзе. Вялікае Нацыанальнае Сабраньне — Усебеларускі Конгрэс 5—17 сьнежня 1917 году, дбаючы аб лёсе Беларусі, устанавіў на яе землях рэспубліканскі лад і абвесьціў незалежнасьць і непадзельнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Стоячы на гэтым грунце, зьезд селянскіх прэдстаўнікоў Случчыны ў ліку 107 асобаў выбраў Беларускую Раду Случчыны, якой даручыў часова ўсю цывільную ўладу ў павеце.
Беларуская Рада Случчыны, паведамленая аб намерах савецкіх войскаў, якія пасьля выйсьця польскіх адзелаў хочуць заняць Слуцк і павет, зьневажаючы гэтым волю народу, энергічна пратэстуе проці агрэсыўных намераў Савецкага Ўраду з Кнорыным на чале, лічучы, што гэтая акцыя Саветаў спречна таксама з пастановамі міравой конфэрэнцыі.
Адначасна Беларуская Рада Случчыны сваю ўладу перадасьць толькі Ўраду, створанаму Ўсебеларускім Конгрэ[с]ам 1917 году.
У месяцы лістопадзе 1920 г.
Падпісалі:
Старшыня Беларускай Рады Случчыны Пракулевіч