Рада БНР абвяшчае пра новыя ўзнагароджаньні
У адзначэньне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну Рада Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчае пра наступныя ўзнагароджаньні.
Мэдалём Ордэну Пагоні за заслугі ў барацьбе за волю і незалежнасьць Беларусі ўзнагароджаныя:
Аляксандра Герасіменя,
Маргарыта Ляўчук,
а таксама чатыры асобы, чые імёны не публікуюцца дзеля меркаваньняў бясьпекі, у тым ліку палітычныя вязьні.
Як выбітныя грамадзкія і культурніцкія дзеячы ўзнагароджаныя:
Альгерд Бахарэвіч,
Аліна Нагорная,
Пазыўны “Оксон”.
Пасьмяротна ўзнагароджаны баец атраду “Атам”, які гераічна загінуў на вайне супраць расейскіх агрэсараў.
Мэдаль Ордэну Пагоні ўручаецца беларускім грамадзянам і замежнікам беззаганнага характару, якія маюць асаблівыя заслугі перад беларускім народам: асобам, якія адзначыліся на ніве змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі, выбітным грамадзкім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа, замежнікам, якія спрычыніліся да дасьледваньняў і папулярызацыі Беларусі ў сьвеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.
Мэдалём БНР за баявыя заслугі ўзнагароджаныя шасьцёра байцоў мэдычнай службы Палку імя Кастуся Каліноўскага (трое – асноўнымі мэдалямі і трое – афіцэрскімі), а таксама адзін баец спэцпадразьдзяленьня Збройных сілаў Украіны, беларус, выхаванец “Белага лёгіёну” (афіцэрскім мэдалём).
Мэдаль за баявыя заслугі надаецца за асабістую адвагу, праяўленую ў абставінах, зьвязаных з рызыкай для жыцьця і з абаронай свабоды, сувэрэнітэту й дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу Беларусі на грунце ідэалаў 25 сакавіка, у прыватнасьці, пры выкананьні вайсковага і службовага абавязку, у баях і пры выкананьні спэцыяльных заданьняў у нацыянальных інтарэсах Беларусі.