РАДА БНР ВЫСТУПАЕ СУПРАЦЬ УЦЯГВАНЬНЯ БЕЛАРУСІ Ў ВАЕННЫЯ АВАНТУРЫ РАСЕІ – ЗАЯВА

Заява
XXIX чарговай сэсіі
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Аб уцягваньні Беларусі ў зону вайсковых інтарэсаў Расеі

 

Пачынаючы ад 1993 году, калі праімпэрская большасьць Вярхоўнага Савету прагаласавала за далучэньне Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД, краіна пасьлядоўна ўцягваецца ў зону вайсковых інтарэсаў Расеі.

У выніку дамоўленасьцяў, падпісаных Лукашэнкам з Крамлём, Беларусь пераўтварылася ў заходні фарпост Масквы. У такой сытуацыі вялікія сумневы выклікае здольнасьць Узброеных сілаў Беларусі абараніць краіну ў выпадку агрэсіі з боку Масквы, якая патэнцыйна можа ажыцьцявіць яе з мэтай гібрыднай акупацыі па мадэлі Данбасу, з мэтай анэксіі часткі тэрыторыі, як было зроблена ў Крыме, альбо з мэтай поўнай ліквідацыі незалежнасьці Беларусі.

Кіраўніцтва міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, генэралітэт, камандаваньне вайсковых злучэньняў скончылі расейскія вайсковыя акадэміі. У войску, якое афіцыйна лічыцца беларускім, насаджаюцца і пануюць прарасейскія настроі, скажаецца і ганьбіцца сапраўдная славутая гісторыя беларускай нацыі, практычна не ўжываецца і часта варожа ўспрымаецца беларуская мова. Шматлікія вышэйшыя афіцэры публічна падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Ўкраіне і анэксію Крыму.

Адначасна, у шмат якіх рэгіёнах краіны пад патранажам асобных сьвятароў РПЦ Маскоўскага патрыярхату, з дазволу мясцовых уладаў, утвараюцца моладзевыя вайсковыя фармаваньні з выразнай арыентацыяй на “рускі мір”, і, фактычна, на ліквідацыю незалежнасьці беларускай дзяржавы. Іх нават гасьцінна прымаюць, ладзяць ім экскурсіі ў некаторых вайсковых частках.

На тэрыторыі Беларусі ўжо знаходзяцца расейскія вайсковыя аб’екты (каля Вілейкі і Ганцавічаў). У апрошні час Масква актыўна дамагаецца стварэньня авіяцыйнай базы. Гэта асабліва небясьпечна з улікам узмацненьня агрэсіўных намаганьняў Крамля і стварэньня Масквой зонаў напружанасьці ў розных рэгіёнах эўразійскага кантынэнту.

Беларусь у такой сытуацыі апынаеца разьменнай манэтай у гульні іншых дзяржаваў, а яе народ – ахвярай, як ужо неаднойчы здаралася ў нашай гісторыі.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступае супраць уцягваньня Беларусі ў ваенныя авантуры Расеі і патрабуе як хутчэйшага вываду расейскіх ваенных аб’ектаў з тэрыторыі краіны і непапушчэньня разьмяшчэньня новых ваенных базаў. Войска Беларусі павінна быць не прыдаткам расейскай ваеннай машыны, а абаронцам незалежнасьці краіны.

У выніку агрэсіі асноўны цяжар абароны Айчыны кладзецца на здольнасьць да супраціву самога беларускага народа, які гістарычна даказаў сваю сілу і сваю нязломнасьць.

19 сакавіка 2016 г.

Заява ў фармаце PDF

You may also like...