РАДА БНР ПАТРАБУЕ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ Н. САЎЧАНКА – ЗАЯВА
Заява Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з нагоды незаконнага ўтрыманьня расейскімі ўладамі ўкраінскага афіцэра Надзіі Саўчанка
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі падтрымоўвае патрабаваньні шматлікіх дзяржаваў і грамадзкіх арганізацый аб неадкладным вызваленьні Надзіі Саўчанка, украінскага афіцэра, якая была супрацьзаконна выкрадзеная расейскімі войскамі на тэрыторыі Ўкраіны і вывезеная ў Расею.
Рада БНР адзначае, што наяўная інфармацыя дазваляе зрабіць выснову, што абвінавачваньні супраць Н. Саўчанка ня маюць ніякіх падставаў і што судовы працэс супраць яе носіць відавочна неаб’ектыўны характар, а яе ўвязьненьне супярэчыць абавязальніцтвам, узятым Расеяю паволе Менскіх пагадненьняў.
Рада БНР адзначае, што змагаючыся за сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласьць Украіны супраць падтрыманых Расеяй незаконных узброеных фармаваньняў і рэгулярных расейскіх войскаў, Н. Саўчанка выконвала свой абавязак як афіцэра і як патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.
У сувязі з працэсам супраць Н. Саўчанка Рада БНР у чарговы раз канстатуе, што рэжым Уладзіміра Пуціна ў Расеі ўяўляе прамую пагрозу бясьпецы ў рэгіёне, у тым ліку пагрозу нацыянальнай бясьпецы і незалежнасьці Беларусі. Рада БНР заклікае спыніць усю вайсковую каапэрацыю Беларусі з пуцінскай Расеяй і ў тым ліку рашуча асуджае спробы разьмяшчэньня расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі.
10 сакавіка 2016 г.