Рада БНР апублікавала Гадавік за 2016 год
Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, найстарэйшая існуючая беларуская дзяржаўная інстытуцыя, апублікавала свой Гадавік за 2016 год.
Гадавік зьмяшчае справаздачу аб дзейнасьці Рады і зборнік матар’ялаў Рады за 2016 год.
З уступнага слова Старшыні Рады БНР:
“2016 год быў годам адразу некалькіх важных юбілеяў – як сьветлых, так і змрочных.
Перадусім, прамінулы год – гэта год 25-годзьдзя аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі. Разам з тым, гэты год азначыў сабою 30-я ўгодкі ад Чарнобыльскай катастрофы – найбуйнейшай экалягічнай катастрофы ў гісторыі чалавецтва, у эпіцэнтры якой апынулася нашая краіна – і 20-я ўгодкі ад сумнавядомага незаконнага рэфэрэндуму 1996 г., які стаў прыкрыцьцём для канчатковага ператварэньня незалежнай Беларусі ў дыктатуру.
У гэткай канцэнтрацыі гадавінаў ёсьць пэўны сымбалізм. У 1991 годзе Беларусь зрабілася незалежнай, але так і не зрабілася дэмакратычнаю, і лёс паслаў нам дадатковыя выпрабаваньні, празь якія наш народ павінен прайсьці на шляху да свабоды. Гэта азначае, што праца, якую на працягу дзесяцігодзьдзяў рабіла Рада БНР і ўся беларуская дыяспара ў сьвеце, застаецца актуальнай. Рада БНР застаецца вернай свайму мандату, атрыманаму ў 1917 годзе ў якасьці Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду, і будзе набліжаць той дзень, калі зможа перадаць яго законным дэмакратычным уладам нашай Радзімы.”
Гадавікі за мінулыя гады даступныя тут.