Разгон Першага Ўсебеларускага Зьезду – 31.12.1917
31 сьнежня 1917 году (18 сьнежня па старым стыле) бальшавікі разагналі Першы Ўсебеларускі Зьезд, на якім дэлегаты з усіх рэгіёнаў Беларусі пасьпелі сфармаваць выканаўчы орган і агучыць агульныя патрабаваньні аб самавызначэньні беларускага краю.
Адзін зь лідараў Аб’яднанай Габрэйскай Рабочай Партыі і будучы міністар ва ўрадзе БНР Майсей Гутман пракамэнтаваў разгон у газэце “Нае цайт“, партыйным выданьні АГРП:
“Пасьля бальшавісцкага перавароту Савет Народных Камісараў абвесьціў прынцып поўнага нацыянальнага самавызначэньня, уключна да поўнага аддзяленьня ад Расеі. Але, відаць, прасьцей абяцаць, чым выконваць. (…) Дастаткова было Беларускаму Зьезду зрабіць адзін крок на шляху да сапраўднага самавызначэньня, паспрабаваць стварыць беларускую ўладу ў краю, каб бальшавікі адразу забыліся пра свае ўзьнёслыя прынцыпы і ўспомнілі пра стары сталыпінскі запавет пра выкараненьне ‘шкоднага нацыяналізму’ (…) Беларускі зьезд быў разагнаны і два ягоных прэзыдыюмы адзін за адным арыштаваныя (…) Сваім праклямаваньнем беларускае ўлады ў краю Беларускі зьезд, канечне, цяжка саграшыў супраць (…) мясцовых бальшавісцкіх уладароў, якія мусілі б пакінуць свае цёплыя мейсцы і адмовіцца ад русіфікатарскай ролі. (…)
Разгон зьезда толькі зрабіў паслугу беларускаму руху. Пад уплывам атакі на беларускі зьезд, у якім удзельнічалі жаўнеры ўсіх франтоў, дзеячы з усяго краю і г.д., узмацніла імкненьне беларусаў да нацыянальнае свабоды і нацыянальнае ўлады. Дэлегаты разьяжджаюцца па вёсках вялікай Беларусі ў мэтах закліку сялянскіх масаў да барацьбы супраць нацыянальных прыгнятальнікаў. Ня трэба быць прарокам, каб прадказаць вынікі гэтай працы…”