РАСЕЙСКАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ГАЛОЎНАЙ КРЫНІЦАЙ МІЖРЭЛІГІЙНАЙ НАПРУЖАНАСЬЦІ Ў БЕЛАРУСІ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі асуджае ўмяшальніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ў дзейнасьць іншых рэлігійных супольнасьцяў Беларусі, у тым ліку спробы РПЦ перашкодзіць стварэньню Апостальскай адміністратуры для вернікаў-каталікоў бізантыйскага абраду ў Беларусі.
Беларусь (Вялікае княства Літоўскае) традыцыйна была месцам рэлігійнай талеранцыі і мірнага суіснаваньня розных рэлігійных супольнасьцяў: грэка-каталіцкай большасьці, а таксама рыма-каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкіх меншасьцяў, а таксама нехрысьціянскіх меншасьцяў, перадусім прадстаўленых мусульманамі і юдэямі, што знайшлі на Беларусі прытулак пасьля выгнаньня з іншых краінаў. Цярпімасьць і павага да разнастайнасьці былі, ёсьць і застануцца аднымі з галоўных каштоўнасьцяў для беларускага народу.
Галоўнай крыніцай міжрэлігійнай напружанасьці ў Беларусі зьяўляецца Расейская праваслаўная царква, гвалтам насаджаная беларусам у першай палове XIX стагодзьдзя, а ў цяперашнім выглядзе сфармаваная ў сталінскім СССР у 1943 годзе і прадстаўленая сёньня несамастойным экзархатам пад фальшывай назвай “Беларуская праваслаўная царква”. За час сваёй дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі гэтая арганізацыя праявіла сябе перадусім не як царква, а як расейскі каляніяльны інстытут, інструмэнт русіфікацыі і ціску на традыцыйныя беларускія хрысьціянскія цэрквы, да якіх сама Расейская праваслаўная царква не належыць. У савецкі час Расейская праваслаўная царква была інструмэнтам у руках таталітарнага савецкага рэжыму, які праводзіў палітыку этнацыду беларусаў і палітычнага тэрору супраць любых іншадумцаў. Шматлікія гіерархі РПЦ былі супрацоўнікамі злачыннай арганізацыі КДБ СССР і застаюцца агентамі спэцслужбаў аўтарытарных рэжымаў Лукашэнкі і пуцінскай Расеі.
У сучаснай Беларусі РПЦ зьяўляецца адным з ідэалягічных апірышчаў рэжыму А. Лукашэнкі і карыстаецца неабгрунтаванымі прывілеямі з боку аўтарытарнай лукашэнкаўскай дзяржавы ў той час, як многія іншыя беларускія хрысьціянскія цэрквы церпяць дыскрымінацыю, канфіскацыю маёмасьці і рэпрэсіі супраць сьвятароў. Беларускае аўтакефальнае праваслаўе, якое зьяўляецца сапраўдным працягам мясцовых праваслаўных традыцыяў на беларускіх землях ад сярэднявечча і якое шмат гадоў было й застаецца адным з духоўных апірышчаў многіх беларусаў у выгнаньні, вымушанае ў Беларусі існаваць ва ўмовах асабліва жорсткага перасьледу.
Насуперак асновам хрысьціянскага вучэньня так званая “Беларуская праваслаўная царква” не асуджае гвалт, забойствы і катаваньні, за якія нясе адказнасьць рэжым Лукашэнкі. Наадварот, з шэрагаў беларускага экзархату РПЦ сыстэматычна і мэтанакіравана выціскаюцца сьвятары і актывісты, якія стаяць на сумленных хрысьціянскіх – і пагатоў на дэмакратычных пробеларускіх – пазыцыях. Дзесяцігодзьдзямі РПЦ займаецца індактрынацыяй праваслаўных беларусаў у духу расейскага нацыяналізму і “расейскага сьвету”.
Найбольш красамоўна сваю сутнасьць РПЦ праявіла ў кантэксьце цяперашняй вайны Расеі супраць Украіны. Кіраўніцтва РПЦ і яе беларускага экзархату адкрыта падтрымлівае расейскую вайсковую агрэсію і бласлаўляе расейскіх захопнікаў, якія зьдзяйсьняюць ваенныя злачынствы на тэрыторыі Ўкраіны. Структуры так званай БПЦ былі заўважаныя ў зборы матар’яльнай дапамогі для расейскіх агрэсараў.
Дзейнасьць Беларускага экзархату РПЦ павінна быць прадметам пільнага рассьледваньня з боку органаў аховы закону і канстытуцыйнага ладу ў будучай дэмакратычнай Беларусі. Так званая “Беларуская праваслаўная царква” Маскоўскага патрыярхату нясе адказнасьць за прасоўваньне экстрэмісцкай антыдзяржаўнай ідэалёгіі, падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і падтрымку дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.
Традыцыйныя беларускія цэрквы ўсходняга абраду, у тым ліку Беларуская грэка-каталіцкая царква, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, маюць поўнае права самастойна вызначаць сваю ўнутраную арганізацыйную структуру, а таксама павінны карыстацца ўсялякай падтрымкаю будучай дэмакратычнай беларускай дзяржавы як інстытуты, што ўтвараюць гістарычную і духоўную каштоўнасьць