РЭЖЫМ ЛУКАШЭНКІ ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ПАГРОЗАЙ ЭЎРОПЕ І ПРАБЛЕМАЙ МІЖНАРОДНАГА МАШТАБУ – ЗАЯВА РАДЫ БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе, што поўную адказнасьць за крытычную сытуацыю, якая склалася ў беларуска-польскім памежжы і якая пагражае ператварыцца ў гуманітарную катастрофу, нясе дыктатарскі рэжым у Беларусі на чале з былым прэзыдэнтам А. Лукашэнкам, а таксама Расейская Фэдэрацыя, якая на працягу многіх гадоў выступае палітычным і эканамічным спонсарам гэтага рэжыму.
Мэтанакіравана створаны цяперашнім рэжымам міграцыйны крызіс яшчэ раз, побач з захопам авіярэйсу Ryanair з журналістам Раманам Пратасевічам на борце, ілюструе, што Рэспубліка Беларусь пад уладай А. Лукашэнкі і пры падтрымцы аўтарытарнай пуцінскай Расеі ператвараецца ў дзяржаву-тэрарыста. Рэжым Лукашэнкі яўляе сабой пагрозу бясьпецы навакольных краінаў і праблему міжнароднага маштабу.
Антыгуманнае стаўленьне да тысячаў мігрантаў, якіх рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ня толькі як зброю ў гібрыднай агрэсіі супраць Эўрапейскага Зьвязу, але і як сродак цынічнага ўзбагачэньня, зьяўляецца такой жа праявай злачыннага і бесчалавечнага характару гэтага рэжыму, як і масавы тэрор супраць уласнага народу, які пасьледваў за агульнанацыянальнымі мірнымі пратэстамі ў 2020 – пачатку 2021 гг.
Зважаючы на згаданае вышэй, Рада Беларускае Народнае Рэспублікі:
– асуджае бесчалавечнае выкарыстаньне жывых людзей, у тым ліку жанчын і дзяцей, рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна ў гібрыднай агрэсіі супраць краінаў Эўропы,
– выказвае салідарнасьць з урадамі Латвіі, Літоўскае Рэспублікі і Польшчы, якія зрабіліся ахвярамі агрэсіі з боку карумпаваных дыктатарскіх рэжымаў, што імкнуцца вырашыць унутраныя праблемы за кошт стварэньня міжнароднае напружанасьці,
– заклікае краіны Эўрапейскага Зьвязу ні ў якім разе не паддавацца на ціск з боку рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, каб не ствараць прэцэдэнт пасьпяховага выкарыстаньня шантажу з боку дыктатураў у дачыненьні да дэмакратый.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць прыкласьці максымальныя намаганьні дзеля набліжэньня дэмакратычнай трансфармацыі ў Беларусі, улічваючы, што непасярэдняй і галоўнай прычынай цяперашняй крызіснай сытауацыі зьяўляецца існаваньне ў Беларусі агрэсіўнага прорасейскага дыктатарскага рэжыму і пазбаўленасьць беларусаў магчымасьці абіраць свой урад, у тым ліку рэалізоўваць натуральнае жаданьне беларускага народу добрых адносін з суседзямі, у тым ліку з Латвіяй, Літоўскай Рэспублікай і Польшчай.