Сустрэча дэлегацыі БНР зь Пілсудзкім – 03.01.1920
3 студзеня 1920 г. у Варшаве адбылася сустрэча Старшыні Рады Народных Міністраў БНР Антона Луцкевіча і Паўнамоцнага Прадстаўніка БНР у Польшчы Лявона Вітан-Дубейкаўскага зь Юзафам Пілсудзкім, начальнікам Польскай дзяржавы.
З пратаколу сустрэчы:
“Начальнік Польскае Дзяржавы адказаў, што ён (…) ужо даў інструкцыі (…), лічучы, што польская палітыка павінна паддзержаць тых беларусаў, якія ў справе свайго дзяржаўнага будаўніцтва хочуць ісьці поруч з Польшчай. Далей пан Пілсудзкі заявіў, што ён – як аб гэтым ён ужо раз казаў пану Луцкевічу – дагэтуль у беларускай справе нічога ня мог зрабіць з прычыны [стаўленьня] Антанты і з гэтай жа прычыны ня мог паддзержываць у сваіх гутарках з англічанамі нават справы Ўкраіны (…)
Паводле рахунку Пілсудзкага, да моманту разьвязкі пытаньня аб Беларусі на доўгі час ёсьць яшчэ каля году. За гэты час беларусы павінны зрабіць вялікую работу і выявіць якнайбольш актыўнасьці ў культурна-прасьветнай рабоце й прапагандзе, у чым [польскія] акупацыйныя ўласьці гатовы аказваць помач.(…)
Начальнік Дзяржавы адказаў, што (…) павінен прыехаць з Лондона і Парыжа міністар загранічных спраў Патэк і ангельскі генэрал, выкліканы цяпер у Лондан. Яны дадуць пэўныя весткі аб [стаўленьні] Антанты ў зьвязку з фактам разгрому Дэнікіна, а тады будзе ўсё ясна, і магчыма, што ён, Пілсудзкі, здолее ўчыніць больш станоўчыя крокі ў беларускім пытаньні.”