Сьвяточны зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы з нагоды Дня Волі, 2021 год
Дарагія суродзічы! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з угодкамі таго слаўнага дня, калі наш народ стварыў, пасьля доўгае няволі, сваю першую мадэрную незалежную дзяржаву, Беларускую Народную Рэспубліку.
Прысьвячаю свой сёлетні зварот героям, якія выйшлі пасьля жнівеньскіх «выбараў» сотнямі тысяч на вуліцы нашых гарадоў пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, і ўсім беларусам замежжа, якія падтрымалі іх у змаганьні за праўду і людзкую годнасьць, адабраных у іх 26 гадоў таму здраднікам на службе суседняй імпэрыі.
Хачу сказаць усім вам, мае дарагія сябры, як моцна ганаруся вамі. Тры гады таму, з нагоды 100-годзьдзя БНР, я выказала веру, што вы, нашая моладзь, вызваліце Беларусь ад дыктатуры, і што нягледзячы на тое, што вы цярпелі 26 гадоў пад ботам камуністычнага спадкаемца, вашая нябачная зброя — вашае пачуцьцё прыналежнасьці да беларускае зямлі. І вашая генэтычная памяць — перамогуць усе перашкоды на вашай дарозе, а менавіта — страх, на які разьлічваў дасюль несумленны ўзурпатар, фальшуючы выбары.
Працэс пачаўся. Веру, што зьдзек, на які рэжым яшчэ ўсё дазваляе сабе, хутка саступіць сьветлай, вольнай і дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь.
А ў міжчасе, моцна прашу вас — не губляйце надзеі! Заставайцеся зьяднанымі і салідарнымі пад знакам Пагоні. Вашая салідарнасьць, ваш гераізм, вашая любоў да свае бацькаўшчыны і да найбліжэйшых вам людзей, вашых братоў і сёстраў беларусаў, перамогуць нялюдзкі рэжым, які ўжо 26 гадоў зьдзекваецца над вамі.
Веру, што, як гэта абяцае наш нацыянальны гімн, разам мы «адродзім жыцьцё рэспублікі сваёй». Дык — дай Божа!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Сакавік 2021