Узнагарода для Вітольда Ашурка
Рада БНР перадала сям’і Вітольда Ашурка Мэдаль Ордэна Пагоні, якім ён быў пасьмяротна ўзнагароджаны.
Цырымонія адбылася ў рамках мэмарыяльнага мерапрыемства, якое прайшло ў Варшаве 21 траўня, на гадавіну сьмерці В. Ашурка, якую прынята адзначаць як дзень беларускіх палітычных вязьняў.
Вітольд Ашурак (13.10.1970 – 21.05.2021) – актывіст беларускага нацыянальнага руху і палітычны вязень. Па ўсіх прыкметах, ён быў забіты лукашэнкаўскімі катамі падчас незаконнага ўвязьненьня.
Нягледзячы на катаваньні і жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў лукашэнкаўскай турме, Вітольд Ашурак праявіў нязломную сілу духа і вернасьць ідэалам вольнай Беларусі, што ставіць яго ў адзін шэраг з тымі многімі адважнымі людзьмі, якія ахвяруючы сваё жыцьцё пракладалі шлях да беларускай незалежнасьці. Памяць пра такіх людзей павінна жыць і натхняць будучыя пакаленьні беларусаў.
Рада БНР патрабуе празрыстага рассьледваньня абставінаў забойства Вітольда Ашурка і неадкладнага вызваленьня ўсіх больш за 1500 беларускіх палітычных вязьняў.