Успаміны В. Жук-Грышкевіча пра абвяшчэньне БНР
Публікуем брашуру з успамінамі Вінцэнта Жук-Грышкевіча, VI Старшыні Рады БНР у 1970-1982 гг., аб падзеях 1917-1918 гг., сьветкам якіх ён быў як малады актывіст беларускага незалежніцкага руху. Успаміны былі апублікаваныя ў 1978 г. у Таронта.
У прадмове да брашуры В. Жук-Грышкевіч пісаў:
“Гэтыя пяць абразкоў успамінаў — адзін з Першага Ўсебеларускага Кангрэсу й чатыры з сьвяткаваньня 25-га Сакавіка ў розных часох, розных мясцох і абставінах — прысьвячаюцца двум шэсьцьдзесяцігадовым юбілеям: Першага Ўсебеларускага Кангрэсу і абвешчаньня незалежнасыді Беларускай Народнай Рэспублікі.
Успаміны пра 25-га Сакавіка друкаваліся ў 1953 годзе ў Торонто, у газэце “Беларускі Эмігрант”. У гэтым выданьні зроблены папраўкі й малыя зьме’ны.
Да пяцёх абразкоў успамінаў падаю дадаткі: сваю брашурку “БНР ці БССР” і тры Ўстаўныя Граматы Рады БНР, якія пазволіў сабе перадрукаваць з “Запісаў” БІНІМу № 13, 1975 г., каб папулярызаваць веду пра Беларускую Народную Рэспубліку й асновы ейнай канстытуцыі.
Пры канцы падаю карту Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была залучана да брашуры праф. Доўнар-Запольскага “Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі”, выданай у 1919 г. ў Горадні на беларускай і францускай мовах. Мапа гэта была прадстаўлена Надзвычайнай Місіяй Б.Н.Р. на мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы ў 1919-20 г. Тут яна падаецца ў зьменшаным выглядзе, а францускія напісы заменены ангельскімі. Апрача таго паказаны межы БССР і якія беларускія тэрыторыі далучаны да суседніх рэспублікаў.”