Францішак Умястоўскі
10 лютага 1882 г. у Вільні нарадзіўся Францішак Умястоўскі, беларускі літаратар, журналіст, вайсковец, расстраляны саветамі ў Катыні
Паходзіў са шляхецкай сям’і, прыходзіўся стрыечным братам драматургу Францішку Аляхновічу. Вучыўся ў Пэтэрбурскім тэхналягічным інстытуце. Падчас вучобы ў 1902 – 1904 гадох уваходзіў у падпольную арганізацыю студэнцкай моладзі «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры». Першы твор (верш «Вецер») апублікаваў у «Каляднай пісанцы на 1904 год» (Пэтэрбург, 1903).
У 1905 годзе вярнуўся ў Вільню. Гэты горад пераўтвараўся тады ў цэнтар беларускага нацыянальнага руху. У 1906 годзе разам з Іванам і Антонам Луцкевічамі, Казімірам Кастравіцкім і Алаізай Пашкевіч пачаў выдаваць газэту «Наша доля».
У 1908 жыў у вёсцы Існаўда Віцебскай губэрні. На працягу 1908 – 1914 друкаваў апавяданьні ў газэце «Наша Ніва». Апавяданьні: «Страх», «У лесе», «Доктар ад каўтуна», «Не мужыцкі розум» напісаны пад відавочным уплывам беларускага фальклёру. Перакладаў творы Оскара Ўайльда і Нікалая Гогаля.
У 1914 годзе мабілізаваны ў царскую армію, пра яго вайсковую кар’еру падчас Першай сусьветнай вайны вядома няшмат.
Ад 1919 году ён быў сярод галоўных стваральнікаў беларускіх вайсковых фармаваньняў і прадстаўнік ЦБШР у Вільні.
У верасьні 1920 году ўзначаліў Беларускую вайсковую камісію, якая арганізавала беларускае войска. Разам з арміяй Пілсудзкага мела яно змагацца з бальшавікамі.
Пасьля вайны жыў у Вільні. У 1919 напісаў і апублікаваў у газэце «Беларусь» артыкул пра гісторыю выданьня газэты «Наша доля». На матэрыялах вайны напісаў апавяданьне «Стася» (1921). Выступаў пераважна як публіцыст. У 1927 – 1928 гадох выдаваў газэту «Беларускі дзень» і часова «Беларуская культура». Заснавальнік і лідэр Беларускай народна-радыкальнай партыі (БНРП). У 1928 адышоў ад грамадзкай і культурна-асьветніцкай працы.
Мабілізаваны ў польскую армію ў 1939 годзе. 18 верасьня 1939 году трапіў у савецкі палон. Інтэрнаваны ў лягеры ў Казельску. Забіты ў Катыні.
Ілюстрацыя: шыльда з імём Умястоўскага на мэмарыяле ў Катыні.