Хведар Нюнька: Мова – прызнак беларуса
Выступ Хведара Ньнюкі, раднага БНР, грамадзкага дзеяча зь Вільні, на 7. Зьезьдзе Беларусаў Сьвету.
Вельмі хутка праляцелі чатыры гады ад шостага зьезду. Шмат значных і важных падзей адбылося за гэты час у сьвеце – зьмяняліся палітычныя і эканамічныя асновы дзяржаў сьвету, дзе мірным шляхам, а дзе з кроўю.
Толькі ў нашай Беларусі ўсё захавалася стабільна, як было раней. Як каралі, так і караюць: звальненьнем з працы, штрафамі, міліцэйскімі расправамі за гістарычную нацыянальную сымболіку, за мірныя пратэстныя акцыі, за крытыку існуючага рэжыму,тым самым парушаючы элемэнтарныя правы чалавека. Не палепшылася драматычная сытуацыя зь беларускай мовай , яна ня стала дзяржаўнай, у адрозьненье ад сытуацыі ва ўсіх суседніх краінах.
У Літве на галоўных каналах тэлебачаньня кожны тыдзень перадаюцца канцэрты па заяўках слухачоў і гледачоў. Канцэрт доўжыцца 2-3 гадзіны і запоўнены выключна літоўскай эстраднай і народнай музыкай і ніякай другой. Дык вось, прыклад адносін дзяржавы да сваёй мовы. Ці магчыма такое ў Беларусі?
Справа мовы архіважная для захаваньня беларускага этнасу. Калі параўнаць колькасьць выдаваемых дзяржаваю беларускіх газэт, кнігаў і іншай прадукцыі, то варта спытаць: у якой незалежнай дзяржаве мы жывем?
А школы, якія павінны выхоўваць беларускіх патрыётаў, якія захаваюць беларускі этнас і культуру, а таксама пры патрэбе будуць абараняць Беларусь ад сапраўдных ворагаў, а не ад выдуманых – зь “пятай калёны” ці “Белага легіёна”. Сумна, але ў гарадах Беларусі наогул беларускіх школ няма – поўная русіфікацыя. Беларуса трэба выхаваць, каб ён стаў сапраўдным патрыётам сваёй краіны. Так робяць усе цывілізаваныя народы сьвету.
З гонарам хачу адзначыць, што дзякуючы маім намаганьням і добрым адносінам з усімі літоўскімі ўладамі, мне ўдалося атрымаць дазвол на бюджэтным фінансаваньні адчыніць у Вільні беларускую школу (цяпер гімназія) і беларускі факультэт пры пэдунівэрсытэце. Аднак, замест падзякі, на працягу дваццаці гадоў адносіны паміж мною і беларускай амбасадай з падкантрольнай ёй беларускай школай разарваныя. Прычына – мае шматлікія пратэстныя акцыі супроць існуючага рэжыму і супроць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
Хачу нагадаць мой асабісты прыклад з жыцьця і станаўленьня нас да нацыі і народа. Я жыў у Беларусі пры польскай уладзе, вучыўся і выхоўваўся ў польскай школе і ў польскім духу, бо ні беларускіх, ні іншых не было. У 1942 годзе адчыніліся беларускія школы, усе школы перайшлі на беларускую мову. Настаўнікі, бальшыня з іх, былі мясцовыя беларускія патрыёты і вучылі нас праўдзівай беларускай гісторыі. Я зразумеў, што ніякі я не паляк і мова мая павінна быць беларускаю. У школе я стаў актывістам і беларускім патрыётам, і захаваў гэта на ўсё жыцьцё, ды стаў сябрам Беларускай Народнай Самапомачы. У часе нямецкай акупацыі я памагаў беларусам і беларускай справе, прафесійна валодаючы нямецкай моваю.
Цяпер цёпла і з удзячнасьцю ўспамінаю сваіх першых настаўнікаў-выхаваўцаў. Нажаль, лёс іх склаўся трагічна. Як пашану да іх памяці, хачу назваць некаторых зь іх: гэта прафэсар, выкладчык гісторыі Дзьмітры Агіцкі; фізыку і матэматыку выкладалі Язэп і Юрка Клышэвічы, культуру – Пётра Рандарэвіч, Шляхтун і іншыя.
Пётра Рандарэвіч, Язэп і Юрка Клышэвічы і шмат, шмат іншых былі замардаваныя чырвонымі ці белымі бандамі, якія не змагаліся з акупантамі, а забівалі беларускіх актывістаў-адраджэнцаў.
Прафэсар Дзмітры Агіцкі, сын сьвятара ў Шчучынскай царкве, перажыў вайну, але асабістае жыцьцё склалася ня менш трагічна. Мне даслалі газэту “Кароль Лір са Шчучынскага раёну”, дзе апісаныя апошнія гады жыцьця гэтага выдатнага навукоўца і патрыёта . Гэта ён першы спрычыніўся да выхаваньня мяне беларускім патрыётам, што і пранёс я праз усё жыцьцё. Таму і тэрміновы пераезд мой напрыканцы 1943 года ў Вільню не быў прыпадковым, а зьвязаны быў з маёй беларускасьцю.
Жыцьцё паказвае, што як толькі пры акупацыях зьяўляюцца спрыяльныя ўмовы (першая і другая сусьветныя войны), беларусы здольныя арганізавацца і змагацца за свае інтарэсы, і, у першую чаргу, закладаюць беларускія нацыянальныя школы. Аб чым сьведчаць дакумэнты. У мяне захаваўся арыгінал пашпарта, выдадзенага ў Літве ў 1916 годзе на нямецкай і беларускай мове – не на рускай, ці польскай, ці літоўскай, а на беларускай.
(публікуецца з скаротамі)