Штандар наш бел-чырвона-белы

Сьцяг Беларусі (аўтар фота - Вольга Быкоўская)

Як нацыі, што перажыла цяжкія часы прыгнёту, беларусам уласьцівыя нацыянальныя сьціпласьць і комплекс непаўнавартасьці, якія адным не дазваляюць ганарыцца рэчамі, аб’ектыўна вартымі гонару, а іншым дазваляюць ганарыцца чужымі дасягненьнямі як сваімі, гэтаксама як і гіпэрбалізаваць свае.

І ўсё ж, бяз страху быць абвінавачаным у другім, хочацца падзяліцца сваімі суб’ектыўнымі эмоцыямі, выкліканымі аб’ектыўнай, зрэшты, рэччу.

Ці паспрачаецца хто з тым, што ніводная іншая нацыя ў сьвеце ня мае нагэтулькі ж выразнага, яскравага, энэргетычнага сьцягу, як беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы?

Сьцягі бываюць прыгожыя, сымэтрычныя, гарманічныя. Бываюць сьцягі са старажытнаю гісторыяй, сьцягі, за якія людзі ахвяравалі жыцьцём, сьцягі, якія натхнялі людзей на выбітныя подзьвігі, сьцягі, што ўсталёўваліся першапраходцамі на далёкіх выспах і горных вяршынях. Ёсьць сьцягі са старажытнымі легендамі пра паходжаньне, як дацкі Danneborg, што ў 1219 годзе сыйшоў зь неба да дацкіх войнаў, каб яны перамаглі ў бітве. Ёсьць сьцягі, якія зрабіліся сымбалем і брэндам, культавым атрыбутам як брытанскі Union Jack. У свой зорна-паласаты сьцяг мільёны амэрыканцаў ўкладаюць столькі гонару, любові і энэргіі, што палотнішча сталася ў ЗША сапраўднай сьвятыняй – куды больш, чым проста сымбалем дзяржавы і краіны.

Але, напэўна, ніводзін сьцяг не нясе сам па сабе гэткай выразнай унутранай эмацыйнасьці, як спрадвечны гістарычны сьцяг Беларусі, які адной сваёй яскравай выявай прыцягвае вочы.

Белае поле, і чырвоная паласа працінае яе наскрозь. Чырвоны гарачы агонь, што топіць белы халодны сьнег. Мёртвы белы лёд – і чырвоная жывая, кіпячая кроў на ім. Белы ціхі спакой – і гучны чырвоны крык, поўны болю, сілы, прагі волі.

Гэтая выключная энэргетыка кантрасту – сьцяг, які гучыць; сьцяг, які пячэ і апальвае. Пакажыце мне другі такі ж!

Кляўстрафабічная таталітарная атмасфэра Менску ажыўляецца, як толькі гэтую душную “матрыцу” працінае бела-чырвона-белае палотнішча ў руках таго, хто асьмеліўся падняцца за сваю чалавечую годнасьць. Нацыянальны штандар над уваходам у сядзібу БНФ – як дзірка ў прасторы і часе, а дзьвер пад ім – бы партал у іншую рэальнасьць, у выспачку свабоды і надзеі пасярод апошняй эўрапейскай дыктатуры.

На мяжы містыкі – такое адчуваньне, быццам гэты сьцяг здольны адганяць зло.

Здавалася б, чаго варта было Лукашэнку пакінуць гэты сьцяг у 1995 г., каб захаваць ляяльнасьць нямалай колькасьці людзей, не згубіўшы даверу і свайго традыцыйнага электарату? Насельніцтва Беларусі збольшага дзялілася і дзеліцца на прыхільнікаў бел-чырвона-белага сьцягу і тых, каму абыякава, пад якім сьцягам жыць.

Але ж не: відаць, зь любым сьцягам гэта было б магчыма, толькі ня з гэтым. Любы сьцяг сьцярпеў бы пад сабою злачынствы, акрамя гэтага, і нейкім чуцьцём нават лукашысты ўсьведамілі гэта, і як быццам зьнішчылі гэтую сымбалічную перашкоду.

Супрацьстаяньне свабоды і дыктатуры ў Беларусі – гэта супрацьстаяньне і на сымбалічным узроўні.

Чырвоны і зялёны – гэта негарманічныя колеры, чыё спалучэньне выклікае ў чалавека стрэс и дэпрэсію. Вялізнае крывава-чырвонае поле, што навісла над зялёнай палоскай – увасабленьне нераўнапраўя, дамінацыі і дыктатуры. Само непрыгожае і безгустоўнае палотнічша ў якасьці дзяржаўнага сымбалю – гэта нібы зьдзек з усяе краіны, як нахабны выклік: “Якую яшчэ зьнявагу вы здольныя вытрымаць? Якую яшчэ гнюснасьць вы здольныя сьцярпець?”

За гады дыктатуры для нашага пакаленьня бел-чырвона-белы сьцяг зрабіўся сымбалем свабоды, сымбалем барацьбы за волю і за прагрэс. Ён выпакутоўвае сваю пачэснасьць, набывае асацыяцыі, ад якіх пры кожным позірку на яго сэрца стукае хутчэй. За яго людзі церпяць зьбіцьці, штрафы, доўгія суткі арыштаў.

Адно зьяўленьне гэтага сьцягу на вуліцы ўжо нясе вялікае сьвядомае і падсьвядомае пасланьне само па сабе – і таму, здавалася б, нявінны “незарэгістраваны” бел-чырвона-белы сьцяг зрабіўся асобнай, спэцыфічнай, сымбалічнай мэтай для рэпрэсіяў з боку дыктатуры. А раз рэжым яго баіцца, значыць сьцяг сапраўды нясе яму небясьпеку – усяляе іррацыянальны страх у душонкі дзяржаўных халуёў, запраданцаў, жандармаў і шпегаў. Патыхае для іх жарам пекла і справядлівай адплатаю, якой не пазьбегнуць ніводнаму злачынцу, ня гледзячы на часовыя тытулы, пагоны і рахункі ў замежных банках.

Пакуль бел-чырвона-белы сьцяг над нашымі галовамі і ў нашых сэрцах – значыць, “нас нядоля не здалела”. Насуперак гісторыі, насуперак злодзеям ва ўладзе і расейскамоўным нігілістам-плявунам у ЖЖ.

Магчыма, сапраўды Беларусь чакае асаблівы лёс, калі сымбаль яе – такі асаблівы сьцяг.

Альбо гэта проста добры знак надзеі для ўсіх нас, каго ён яднае – і вельмі магчыма, што толькі ў нас, у некаторай колькасьці беларусаў, бел-чырвона-белы штандар выклікае ўзьнёслыя пачуцьці. Але ці ня гэта галоўнае для нацыянальнага сьцягу – каб была нацыя, для якой ён быў бы каштоўным? Беларускі нацыянальны сьцяг дазваляе аддзяліць сутнасьць ад формы, ён яднае тых, хто зьяўляецца беларусам паводле стану душы і сьвядомасьці, а не паводле прыналежнасьці да адміністрыцыйнага бюракратычнага апарату, што мяшкае ў Менску і выдае пашпарты з савецкім гербам.

Сьцяг наш мае сваю нацыю, хай складаецца яна не з усіх тых, хто сябе заве беларусам. Нацыю годную, нацыю, што мае будучыню; нацыю-матыля, пакуль што закутую ў кокане. І нацыя наша мае ганарыцца сымбалем нагэтулькі моцным, шляхотным і дзвонкім – нашым сьцягам, апетым у песьнях. Сьцягам, які натхняе, пад якім хочацца стаяць і змагацца – штандарам бел-чырвона-белым.

Алесь Чайчыц
maskva.net
чэрвень 2008 г.

You may also like...